Мінінфармацыі загадала знішчыць наклад пасмяротнай кнігі Віталя Сіліцкага
У сваёй кнізе палітолаг параўнаў рэжым Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі 1990-х і Лукашэнкі ў Беларусі.
Міністэрства інфармацыі загадала знішчыць наклад пасмяротнай кнігі палітолага Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі».
«Так, наклад знішчаны. Знішчаны на загад з Міністэрства інфармацыі, — пацвердзіў «Нашай Ніве» дырэктар друкарні «Палікрафт» Фёдар Басько. — Нам сказалі, што калі гэтага не зробім, то тыпаграфію зачыняць. Зрэшты, самі вінаватыя — не глядзелі, што друкуем. Калі б я гэтую кнігу ўбачыў раней, то друкаваць мы яе не сталі б».
Кніга выйшла некалькі тыдняў таму. «У вашых руках пасмяротная кніга Віталя Сіліцкага. Кніга, якую Віталь не дапісаў. Кніга — працяг даследавання «Адкладзеная свабода: посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі», якое публікавалася ў 2003 годзе ў часопісе «ARCHE» і было выдадзена асобнай кнігай у 2012 годзе год па адыходзе Віталя», — пісалася ў анатацыі.
У сваёй кнізе Віталь Сіліцкі параўнаў рэжым Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі 1990-х і Лукашэнкі ў Беларусі. Тыраж кнігі складаў 1000 асобнікаў.
Афіцыйна ў Беларусі дзейнічае канстытуцыйная норма аб свабодзе слова, а папярэдняя цэнзура забаронена.
Віталь Сіліцкі — палітолаг, першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Ён памёр у 38 гадоў ад раку, кніга мела стаць пасмяротным помнікам яму.
Каментары