На маючым адбыцца ў снежні саміце Еўрапейскі Саюз мае намер падоўжыць эканамічныя санкцыі супраць Расіі яшчэ на паўгода, паведамляе нямецкае выданне Handelsblatt са спасылкай на крыніцы ў Бруселі і Берліне.

«Адмяняць санкцыі няма ніякіх падстаў», — цытуе газета ў панядзелак, 9 лістапада, словы свайго суразмоўцы.

Санкцыі можна будзе змякчыць толькі тады, калі Мінскія пагадненні будуць сапраўды цалкам рэалізаваныя, а расійска-украінская мяжа будзе знаходзіцца пад міжнародным кантролем, падкрэсліў у інтэрв'ю выданню прадстаўнік урада ФРГ. «У дадзены момант Расія робіць усё для таго, каб захаваць бачнасць выканання мінскіх дамоўленасцей і перакласці віну за няўдачы на Украіну», — сказаў Handelsblatt суразмоўца ва ўрадзе Германіі.

Тэрмін дзеяння абмежавальных мер у дачыненні да Масквы, упершыню уведзеных у ліпені 2014 года ў сувязі з канфліктам на ўсходзе Украіны, заканчваецца ў канцы студзеня. Абмежавальныя меры ў сувязі з анексіяй Крыма (распаўсюджваюцца на імпарт крымскіх тавараў у краіны ЕС, інвестыцыі ў крымскую нерухомасць, турыстычную дзейнасць у Крыме) дзейнічаюць да 23 чэрвеня 2016 года. Персанальныя санкцыі супраць расейцаў і ўкраінцаў, а таксама супраць некаторых юрыдычных асоб у сувязі з анексіяй Крыма і падзеямі ў Данбасе мінаюць 15 сакавіка 2016 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?