Фота Беларусь-Фота |
Адпаведны дакумэнт з прапановай павысіць закупачныя цэны на прадукцыю расьлінаводзтва на 50 % Мінсельгасхарчу даслала на разгляду Міністэрства эканомікі. Па словах намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчу Васіля Паўлоўскага, Мінэканомікі палічыла мэтазгодным падняць закупачныя цэны толькі на 20 %. Неабходнасьць павышэньня цэнаў абгрунтоўваецца, як і ў выпадку з цэнамі на прадукцыю жывёлагадоўлі, апераджальным ростам закупачных цэнаў у суседніх краінах, а таксама ростам вытворчых выдаткаў. Паводле намесьніка міністра, розьніца складае 1,5—2 разы. Варта нагадаць, што папярэднюю просьбу Мінсельгасхарчу пра павышэньне закупачных і найвышэйшых адпускных цэнаў на гатовую прадукцыю жывёлагадоўлі Міністэрства эканомікі падтрымала. З 25 лютага павышаныя закупачныя цэны: на малако на 10 %, ялавічыну і сьвініну — на 5 %, тлустую сьвініну — на 3 %. Найвышэйшыя адпускныя цэны на гатовую прадукцыю будуць расьці на 1,5—2 % штомесяц.
Па словах намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіла Савельева, гэтая мера дапаможа толькі часткова кампэнсаваць выдаткі жывёлагадоўчай галіны: у выніку росту закупачных і розьнічных цэнаў цягам году дадатковы прыбытак складзе каля Br310 млрд. пры агульным дэфіцыце сродкаў на разьвіцьцё АПК звыш Br1,1 трлн. Зьвязана гэта з ростам цэнаў на паліва, тэхніку і мінэральныя ўгнаеньні.
Ня гледзячы на шчодрае фінансаваньне сельскай гаспадаркі, вытворчасьць у гэтай галіне на 70% стратная, прызнаў на паседжаньні Савету міністраў намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Папкоў.