У Полацкім раёне вандалы апаганілі больш за 60 магіл на могілках «Экімань», паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Семяніхін.

Раніцай 7 лістапада ў Полацкі раённы аддзел міліцыі паступіла паведамленне, што ноччу на могілках «Экімань» разбураныя 63 надмагіллі, 5 магіл спаленыя.

На месца здарэння неадкладна выбыла следча-аператыўная група, была задзейнічана перасоўная крыміналістычная лабараторыя Следчага камітэта. Міліцыянты пад кіраўніцтвам начальніка РАУС па пакінутых злачынцамі слядах, а таксама пры дапамозе іншых рэчавых доказаў выявілі магчымае месца, дзе раней маглі знаходзіцца падазраваныя ў здзяйсненні злачынства. З дапамогай камер відэаназірання быў знойдзены 16-гадовы падлетак, які знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. У ходзе далейшых вышуковых мерапрыемстваў аператыўнікі выйшлі на двух ягоных саўдзельнікаў. Імі аказаліся жыхары Полацка 1990 і 1999 гадоў нараджэння.

Як дадала афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, па гэтым факце Полацкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая і расследуецца крымінальная справа па ч.1 ст.347 (здзек над магілай) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Следчыя працягваюць працу: высвятляюць агульную суму нанесенай шкоды, дапытваюць падазраваных асоб, вышукваюць сведак, прызначаюць неабходныя экспертныя даследаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?