Аляксандар Бароўскі

Прадстаўнік абвінавачання запатрабаваў прыгаварыць былога старшыню канцэрна «Белнафтахім» Аляксандра Бароўскага да шасці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць кіраўнічыя пасады на працягу пяці гадоў і канфіскацыяй маёмасці. Такое патрабаванне прагучала 21 сакавіка падчас спрэчак у Вярхоўном судзе.

Паводле меркавання прадстаўнікоў абвінавачання, віна А.Бароўскага поўнасцю даказана. Паводле іх сцвярджэння, чыноўнік загадаў сваім падначаленым разарваць дамоўленасці з Цюменскай нафтавай кампаніяй (ЦНК) аб куплі нафты маркі «лёгкая» ў колькасці 80 тыс. тон за 330 долараў за тону. У выніку нафту ў Беларусь паставілі ТАА «Трайпл» і прадпрыемства «Інтэрсэрвіс», з кіраўнікамі якіх А.Бароўскі падтрымліваў сяброўскія адносіны.

Абвінавачанне канстатуе, што ў выніку ўмяшання А.Бароўскага ў гаспадарчую дзейнасць «Нафтана» прадпрыемства было вымушана 28 сакавіка 2007 года закупіць 80 тысяч тон «лёгкай» нафты ў двух беларускіх камерцыйных прадпрыемстваў па 350 долараў за тону без ПДК. Для аплаты вуглевадароднай сыравіны «Нафтан» прыцягнуў крэдыты і пералічыў на рахункі двух беларускіх ТАА 28 млн. долараў, што на 1,6 млн. больш, чым магло быць па прамым кантракце з ЦНК.

Абарона А.Бароўскага катэгарычна не згодна з гэтым абвінавачаннем і патрабуе поўнасцю апраўдаць былога кіраўніка «Белнафтахіма». Паводле слоў адваката Васіля Тулякова, ні адзін з доказаў абвінавачання не быў пацверджаны падчас судовага следства. Паводле слоў абароны, ТАА «Трайпл» і прадпрыемства «Інтэрсэрвіс» прапанавалі «Нафтану» нафту па 329 долараў за тону, аднак своечасовага адказу на гэтую прапанову не атрымалі. Дамоўленасць з ЦНК аб закупцы нафты за 330 долараў за тону не была дакументальна пацверждана — ніякіх пісьмовых прапаноў ЦНК аб продажы нафты па такой цане нікому не паступала, а з матэрыялаў вынікае, што гэта прапанова прамежкавая. Больш за тое, беларускі бок вёў перамовы з «ЦНК‑БП Менеджмент», а не з «ЦНК‑БП Холдынг» — пастаўшчыком нафты.

«Паколькі прапановы не было, сарваць Бароўскі нічога не мог. «Значная шкода эканамічным інтарэсам дзяржавы» таксама не была нанесена, таму што, зыходзячы з разліковай цаны на 23 сакавіка 2007 года і рэальнай цаны 28 сакавіка, прадпрыемства атрымала прыбытак на 409 тысяч беларускіх рублёў больш, чым планавалася. Такім чынам, Бароўскі прынёс прыбытак, а не ўрон», — зазначыў падчас спрэчак В.Тулякоў.

Нагадаем, у Вярхоўным судзе слухаецца справа па абвінавачанні А.Бароўскага ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча). А.Бароўскі быў затрыманы 29 мая 2007 года, і ўвесь гэты час знаходзіўся пад вартай.

Судовае слуханне будзе мець працяг 26 сакавіка ў 10.00.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0