Напярэдадні 90‑годзьдзя абвяшчэньня БНР Рэдакцыя зьвярнулася да беларускіх гісторыкаў з просьбай адказаць на два пытаньні: як зьмянялася Вашае ўяўленьне пра БНР ад 1990‑х гадоў да сёньняшняга часу? якія новыя факты, датычныя БНР, Вам удалося выявіць за гэты час?

Анатоль Грыцкевіч, Менск

З 1990‑х гадоў пачынаючы я прапагандаваў БНР як узор для сучаснага дзяржавабудаўніцтва, я працягваю рабіць гэта і цяпер. Нам трэба вывучаць досьвед таго часу. Бо хоць афіцыйна БНР і не была прызнаная Нямеччынай — гэтага не дазвалялі ўмовы Берасьцейскага міру, паводле якога нельга было прызнаваць ніякіх дзяржавастварэньняў на гэтай тэрыторыі, — але фактычна нямецкія генэралы былі вымушаныя лічыцца са структурамі БНР. БНР змагла ўсталяваць дыпляматычныя адносіны з шэрагам краін, мела генэральнага консула ў Маскве, хаця ўрад РСФСР яе таксама не прызнаваў. Чаго не здалелі зрабіць? Войска, бо не дазвалялі немцы. Таму, калі бальшавікі пачалі наступаць, войска не было.

Я дэталізаваў абставіны перамоваў Антона Луцкевіча з урадам Леніна ў пачатку лістапада 1918 г., калі Нямеччына цярпела паразу. Луцкевіч прапаноўваў, каб РСФСР прызнала БНР і нават пагаджаўся на саветызацыю, толькі пры поўнай незалежнасьці, але гэтага не адбылося.

Натальля Гардзіенка, Менск

Калі я ўпершыню даведалася пра БНР, яна асацыявалася ў мяне толькі з па¬дзеямі 1918 году ў Беларусі. А затым я пачала знаходзіць больш інфармацыі пра тое, што адбывалася з БНР пасьля за межамі Беларусі. Было цікава адкрыць, што Рада БНР актыўна дзейнічала ў другой палове стагодзьдзя, мела прадстаўніцтвы ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Аўстраліі.

Дасьледуючы гісторыю эміграцыі, можна сьцьвярджаць, што ідэя БНР як незалежнай беларускай дзяржавы стала асновай для гуртаваньня беларускай дыяспары на Захадзе ў паваенны час.

Андрэй Вашкевіч, Горадня

Упершыню пра БНР я даведаўся ў юнацтве, чытаючы кнігі Ліса, Арлова. Прафэсійна займацца гісторыяй я пачаў ад 1999 году. Уяўленьне пра БНР зьмянілася ад рамантычнага да больш рэалістычнага, нават крытычнага. Людзі, якія рабілі БНР, былі звычайнымі людзьмі, і яны таксама памыляліся, часам моцна. Важна ўяўляць, што на рамантычным падмурку нельга пабудаваць нацыянальную ідэю. Нават цяпер працягваюць зьяўляцца матэрыялы, якія міталягізуюць гісторыю. Хтосьці скажа, што гэта добра, але такія міты лёгка разьбіць.

Мне і маім калегам Алесю Пашкевічу, Андрэю Чарнякевічу ўдалося расшукаць новыя факты. Была напісаная біяграфія Сымона Якавюка, чалавека, які супрацоўнічаў з НКВД і фактычна спрычыніўся да таго, што ўрад БНР у 1925 годзе здаў мандат ураду БССР. Былі высьветленыя абставіны таго, як гэта адбылося. Многа новых фактаў у падрыхтаванай намі публікацыі «Кароткі нарыс беларускага пытаньня», якая была зьмешчаная ў ARCHE № 2, 2008.

Андрэй Чарнякевіч, Горадня

Чакаюць свайго часу публікацыі, у якіх выкарыстаныя дакумэнты дэлегацыі місіі БНР на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы, лісты Луцкевіча з Парыжу, а таксама дакумэнты, датычныя дзейнасьці ўраду БНР у Горадні, апошняга на тэрыторыі Беларусі паседжаньня ў 1919 годзе.

Анатоль Сідарэвіч, Менск

Нічога ў канцэпцыі не памянялася. Новыя дакумэнты, як, напрыклад, апублікаваныя ў кнізе «1 января 1919 года. Временное рабоче‑крестьянское советское правительство Беларуси», толькі падмацоўваюць яе. У гэтай кнізе вуснамі Ісака Рэйнгальда гаворыцца, што калі б не было БНР, то не было б і БССР. Я ўпэўнены, што славуты пратакол паседжаньня ЦК расейскай камуністычнай партыі бальшавікоў, на якім вырашалася пытаньне пра ўтварэньне БССР зьнік з партыйнага архіву з волі Язэпа Сталіна, бо запісы ў ім не адпавядалі сталінскай вэрсіі падзей. Калі б не было 25 Сакавіка, не было б і абвяшчэньня БССР, не было б і сучаснай дзяржавы.

Я больш займаюся праблемай БНР праз асобу Луцкевіча. Сэнсацыйных дакумэнтаў ня выявіў, займаюся дэталізацыяй. Рыхтую артыкул, дзе паказваю па датах склад першага Народнага сакратарыяту БНР, спрабую паказаць, чаму немцам не ўдалося прызнаць БНР. Наступны артыкул будзе прысьвечаны статусу Найвышэйшай Рады БНР. Магчыма, гэтыя работы аформяцца ў кніжкі.

Зь іншага боку, даводзіцца расставацца з выдумкамі, легендамі нашай эміграцыйнай гістарыяграфіі і савецкай таксама. Я прыхільнік пазытывізму: кожны тэзіс павінен мець спасылку на дакумэнт.

Віталь Скалабан, Менск

Больш яскрава зразумеў месца гэтай выдатнай падзеі у гісторыі нашай дзяржаўнасьці.

Тое, што мне і ўдалося выявіць, адлюстравана ў кнізе «1 января 1919 года. Временное рабоче‑крестьянское советское правительство Беларуси. Сборник документов», якая выйшла ў суаўтарстве зь іншымі гісторыкамі ў 2005 годзе. Цяпер працую над рукапісам успамінаў удзельніка падзей 1917—1918 году Яўсея Канчара, якія ён скончыў у 1937 годзе ў Ленінградзе. Там шмат новага матэрыялу.

Вадзім Гігін, рэдактар часопісу «Беларуская думка», Менск

Я заўсёды ведаў, што гэтае ўтварэньне ніколі не было паўнавартаснай дзяржавай. Гэта было палітычнае ўтварэньне зь вельмі слабымі лідэрамі, якія не маглі ўзяць на сябе адказнасьць за Беларусь. Трагедыя беларускага нацыянальнага руху заключалася ў тым, што яго ачолілі ня тыя людзі і ня ў той час. Больш за тое, тэзіс пра тое, што без БНР не было б БССР, зьняпраўджваецца ўсімі гістарычнымі дакумэнтамі. Яшчэ восеньню 1917 г. Ленін і Сталін прыйшлі да думкі пра неабходнасьць аўтаномнай беларускай дзяржавы. Былі распрацаваныя праекты. І БНР, сказіўшы волю Ўсебеларускага зьезду ў сьнежні 1917 году, дала козыры некаторым бальшавікам (Мясьнікову і Кнорыну) у барацьбе супраць стварэньня беларускай дзяржавы. Такім чынам, БНР затармазіла працэс стварэньня беларускай сувэрэннай рэспублікі — БССР.

Некаторыя дакумэнты, якія раней не былі выкарыстаныя дасьледчыкамі, мы публікуем у № 3 «Беларускай думкі». Яны паказваюць несамавітасьць, няслушнасьць лідэраў БНР, іхную карумпаванасьць, і тое, што яны выкарыстоўвалі ідэю БНР у асабістых мэтах.

На мяне вялікае ўражаньне аказалі запіскі Яўсея Канчара, якія ясна паказваюць, што ідэя фармаваньня беларускай савецкай рэспублікі была сфармуляваная восеньню 1917 г. І, канечне, «Нарысы расейскай смуты» Дзянікіна, дзе ён характарызуе прадстаўнікоў Менскай рады як нічога ня вартых самазванцаў.

Алесь Пашкевіч (гісторык), Менск

Людзі майго пакаленьня, якія вучылі ў школе гісторыю па савецкіх падручніках, пра БНР практычна нічога ня ведалі. У 1990‑х гадах пайшоў вал інфармацыі. Да пэўнага моманту стаўленьне да тых падзей было даволі ідэалізаванае. Падавалася, што гэта была дзяржава, якая адбылася, якая рэальна існавала як фактар міжнароднай палітыкі, якую потым зьмялі з мапы толькі збройнай сілай. Цяпер я лічу крыху іначай. Лічу, што наўрад ці трэба ставіць яе нароўні з тымі дзяржавамі, якія ўтварыліся тады. Аднак, безумоўна, я стаўлюся да БНР вельмі станоўча, бо безь яе не было б беларускай дзяржаўнасьці і невядома, ці захаваўся б беларускі народ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?