З траўня 2008 г. па сакавік 2009 г. БКК паставіць індыйскай кампаніі IPL па новым кошце каля 750 тыс т. угнаеньняў. Кампанія IPL зьяўляецца стратэгічным партнэрам Беларусі. Яна забясьпечвае 60% індыйскага калійнага рынка.
Нагадаем, што цягам мінулага году БКК тройчы ўздымала цэны на сваю прадукцыю. Рост цэнаў абгрунтоўваецца імклівым разьвіцьцём тэхналёгіяў вытворчасьці біяпаліва, у якасьці сыравіны для якога выкарыстоўваюцца сельгаскультуры. Акрамя таго, цэны на іншыя ўгнаеньні ўжо перакрочылі мяжу ў тысячу даляраў за тону.
Аглядальніца газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак мяркуе, што «Беларуская калійная кампанія» дэманструе прафэсіяналізм, умела карыстаючыся сусьветнай каньюнктурай на калійныя ўгнаеньні. Па яе словах, калійны рынак вельмі дэфіцытны — недахоп прадукцыі сягае да 2 млн т. Цэны на ўгнаеньні будуць расьці цягам бліжэйшых 1‑2 гадоў. Экспэрт адзначае, што падпісаньне новага кантракту з індыйскай кампаніяй перад пачаткам перамоваў з Кітаем было вельмі важным крокам для БКК.
«Такім чынам беларуская кампанія акрэсьліла для кітайскіх партнэраў прыкладную цану паставак угнаеньняў у Кітай», — зазначыла Т. Манёнак.
Тое, што кантракт з Кітаем дагэтуль не падпісаны, на думку экспэрта азначае, што цяпер ідуць напружаныя перамовы.
Амэрыканскі рынак, у сувязі з пахаладаньнем адносінаў з ЗША, сур’ёзных клопатаў кампаніі пакуль не прынёс. Паводле ацэнак экспэртаў, пераход у разьліках на эўра абыдзецца «Беларуськалію» у $10‑12 млн. Гэта не катастрафічна для пасьпяховай кампаніі, што займае лідэрскія пазыцыі на сусьветным рынку, кажа аглядальніца «БР».
Сёньня БКК сусьветны лідэр, займае 30 % сусьветнага рынку паставак калійных угнаеньняў. Мае 5 прадстаўніцтваў: у Пекіне, Дэлі, Сан‑Паўлу, Чыкага, Сынгапуры. Эўрапэйскі рынак забясьпечваецца зь Менску, дзе месьціцца штаб‑кватэра БКК. Прадукцыя кампаніі грузіцца ў партах Клайпэды (Літва), Вэнтспілс (Латвія), Мікалаеў (Украіна).