Пяць гадзін пратрымалі на мяжы беларускія мытнікі журналістаў украінскага Цэнтральнага канала (ЦК). Канфіскаваныя кнігі і дыскі.

Аляксандр Доній і яго калегі, якія выпускаюць праграму «Остання барикада» («Апошняя барыкада»), ехалі ў Вільню. Як паведаміў Доній на сваёй старонцы ў фэйсбуку, пры перасячэнні мяжы беларускія мытнікі абвінавацілі іх у правозе экстрэмісцкай літаратуры і аўдыёпрадукцыі. У выніку ў журналістаў канфіскавалі пяць дыскаў дакументальнага фільма Івана Каніўца «Украінська революція» пра падзеі 1917-1921 гадоў, дыскі «Музична сотня. Майдан», «Остання барыкада» (анталогія патрыятычных песень) і фільм аб Галадаморы. Таксама канфіскавана 11 асобнікаў розных кніг.

«Асаблівую цікавасць выклікалі фотаапараты, відэакамера і штатыў, — адзначыў Доній. — «Остання барикада» — гэта праграма пра культуру, якая выходзіць на Цэнтральным канале, але такія нашы тлумачэнні не задаволілі мытнікаў. Надпіс на мікрааўтобусе «Остання барикада» таксама назвалі правакацыяй і патрабавалі ад нас яго прыбраць. Для Беларусі нашы песні і герой Украіны Ляўко Лук'яненка, Галадамор — гэта экстрэмізм. Раю нікому не ездзіць праз Беларусь транзітам. Там СССР, там «рускі свет», там Расіяй пахне», — напісаў Доній.

У прэс-службе Гомельскай памежнай групы паведамілі, што ў памежнікаў не было прэтэнзій да ўкраінскіх журналістаў. У аддзеле ідэалагічнай працы Гомельскай мытні адзначылі, што не маюць інфармацыі ці каментара па дадзенай сітуацыі.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?