Камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс, які знаходзіцца з візітам у Варшаве, пацвердзіў, што ЗША маюць намер адправіць ва Усходнюю Еўропу 1200 адзінак цяжкай ваеннай тэхнікі, разлічаных на адну брыгаду салдат.
Каля 600 адзінак тэхнікі будуць размешчаны на базах у Польшчы. Іншая палова — у краінах Балтыі, а таксама ў Румыніі і Венгрыі.
Генерал адзначыў, што сярод 1200 адзінак тэхнікі будуць 240 танкаў, а таксама баявыя машыны пяхоты і артылерыйскія прылады.
8 кастрычніка ў Бруселі Польшча і ЗША падпісалі пагадненне, якое вызначае размяшчэнне складоў амерыканскай ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Польшчы. Пагадненне стала вынікам перамоваў паміж польскім і амерыканскім урадамі. Польскі бок прадставіў для выкарыстання тэрыторыю і аб'екты, якія належаць Авіяцыйнай базе ў Ласку, Цэнтру навучання сухапутных войскаў у Драўска-Паморскім, ваенным комплексах ў Сквежыне, Цэханаве і Хошчне.
Раней міністр абароны Польшчы Томаш Семоняк заяўляў, што склады цяжкага ўзбраення амерыканскай арміі з'явяцца ў Польшчы ў сярэдзіне 2016 года. Польскі бок хоча аб'яднаць гэтую ініцыятыву з удзелам амерыканскіх вайскоўцаў у вучэннях «Анаконда». Скарыстаная падчас вучэнняў тэхніка, магчыма, застанецца ў Польшчы.