У Берліне забілі «каліноўца» Глеба Маліноўскага
Паліцыя Берліна паведамляе пра забойства 28-гадовага беларуса ў адным з паркаў горада. Ён памёр ад удараў у «верхнюю частку цела».
Як высветлілася, гаворка ідзе пра «каліноўца», перакладчыка Глеба Маліноўскага.
Ён нарадзіўся ў 1987 годзе ў Віцебску. Бацька — уніяцкі святар Яўген Маліноўскі, які з часам разам з сям'ёй пераехаў у Баранавічы.
У 2005 годзе Глеб паступіў на філфак БДУ, аднак пасля Плошчы-2006 з'ехаў у Кракаў па праграме Каліноўскага.
У Глеба засталося малое дзіця.
Бацька Глеба расказаў радыё «Свабода», што на яго сына напалі, калі ён ішоў з рэстарацыі, дзе працаваў памочнікам кухара:
«Абставіны дакладна не высветленыя. Ішоў са змены ўначы. Яго знайшлі раніцай у аўторак са смяротным нажавым раненнем. Ён у нас такі, кантактны, з аднаго боку, а з другога боку — канфліктны, калі заходзіць аб справядлівасці… Цяпер Мікіта, мой сын, там, у Берліне, афармляе дастаўку на Радзіму. Мы разлічваем, што ў пятніцу-суботу мусяць прывезці… Былі ў яго свае хібы, але ў каго іх няма? Ён пачынаў станавіцца на ногі.
Чаго туды паехаў? Бо ў яго сын там. Дзяўчына не захацела за яго выходзіць замуж, а ён вельмі любіў сына і вельмі туды імкнуўся.
Урэшце, мусіла станоўча вырашыцца пытанне з відам на жыхарства, і праца была, ён падаў дакумэнты ва ўніверсітэт, яму заставалася крыху да сканчэння».
У пятніцу айцец Яўген будзе адпяваць памерлага ў Баранавічах кіраўніка ТБМ Віктара Сырыцу і чакаць сына.
У сям'і Маліноўскіх, апроч забітага Глеба, яшчэ 6 дзяцей.
Каментары