Літаральна 40 хвілінаў лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча пратрымалі ў намесніка пракурора г. Мінска. Супрацоўнікі Пракуратуры папярэдзілі палітыка, што акцыя на Кастрычніцкай плошчы недазволеная, і прыгразілі крымінальнай адказасць за ўдзел у Чарнобыльскім шляху.
Адзначым, што Мілінкевіч афіцыйна ніякага дачынення да Чарнобыльскага шляху не мае. Заяўнікам з’яўляецца Віктар Івашкевіч, адпаведна, уся адказнасць ускладваецца на яго.
Аляксандр Мілінкевіч: «Гэта псіхалагічны ціск на нас, чарговая няўдалая спроба запалохаць удзельнікаў Чарнобыльскага шляху. Але гэта марныя захады. Людзі ўсё адно прыйдуць, і мы годна, мірна пройдзем Чарнобыльскі шлях і памянем усіх, хто стаў ахвярай або закладнікам Чарнобыля, тэхнагеннага або палітычнага. Палітычным Чарнобылем я б назваў тое, што сёння робіць улада са сваім народам».
Аляксандр Мілінкевіч прыйдзе на Кастрычніцкі пляц у любым выпадку, бо, паводле яго словаў, гэта асабісты абавязак перад тымі людзьмі, якія паверылі ў дэмакратычныя сілы Беларусі.