Гэтая машына са сцягам г.зв. «Наваросіі» за лабавым шклом належыць Аляксею Кучару, гродзенскаму хлопцу, які вучыцца ў інстытуце пагранічнай службы ФСБ Расіі.
Бацька Аляксея — былы дэпутат Ашмянскага раённага савета дэпутатаў і дзейны начальнік накіравання прызыву на вайсковую службу ў ваенным камісарыяце Гродзенскай вобласці, палкоўнік Сяргей Кучар.
Сяргей Кучар леваруч, фота старое — тут ён яшчэ падпалкоўнік
Некалькі гадоў таму ягоны сын паступіў на вучобу ў Маскву. Відаць, там ідэй «Рускага свету» Аляксей і нахапаўся.
Аляксей Кучар, фота са старонкі «УКантакце»
У тэлефоннай размове Аляксей пацвердзіў, што машына належыць яму. Але хлопец адмовіўся каментаваць сцяг г.зв. «Наваросіі» у салоне, сказаўшы, што не будзе ні перад кім справаздачыцца.
Аляксей Кучар у спартовай майстарцы «ФСБ Расіі». Фота са старонкі УКантакце.
А ў адказ на словы, што ён — будучы беларускі афіцэр і мусіць падтрымліваць афіцыйны курс (Лукашэнка не прызнаў ніякіх «Наваросій»), Аляксей сказаў — «Нічога страшнага, што не прызнаў».
Нядаўна «Наша Ніва» таксама пісала, што ў Гродзенскай вобласці дейнічаюць адразу пяць праваслаўных «вайскова-патрыятычных» клубаў для моладзі, дзе з дзецьмі займаюцца непрыхаваныя носьбіты «Рускага свету».





