Учора вечарам у перадачы «Панарама тыдня» на Першым нацыянальным канале быў паказаны сэнсацыйны рэпартаж пра выкрыцьцё ў Менску амэрыканскай шпіёнскай сеткі.

Паводле БТ, пад кіраўніцтвам аташэ пасольства сп. Курта Фінлі была арганізаваная група выяўленьня і знаходжаньня, мэтай якой быў «збор і перадача амэрыканскаму боку па заданьні ФБР зьвестак для выкарыстаньня іх для нанясеньня стратаў Беларусі». Фінлі неаднаразова падчас рэпартажу называўся агентам ФБР.

У групу створаную пры пасольстве ЗША ўваходзілі дзесяць чалавек, прычым усе яны былі грамадзянамі Беларусі. Падчас перадачы былі паказаныя твары ўдзельнікаў «шпіёнскай арганізацыі», але не называліся іхныя прозьвішчы. Былі паказаныя кадры нібыта допытаў затрыманых, якія найхутчэй вяліся скрытай камэрай. Па словах журналіста, група была забясьпечаная фотаапаратамі, біноклямі, відэакамэрамі і тэлефонамі.

Удзельнікам групы строга было забаронена наведваць тэрыторыю амэрыканскага пасольства, яны кантактавалі толькі непасрэдна са сваім куратарам Фінлі. Сустрэчы адбываліся на кансьпіратыўнай кватэры, якая месьцілася па вуліцы Кісялёва за 500 мэтраў ад амбасады. Затрыманьне адбылося 13 сакавіка, калі мелася адбыцца чарговая сустрэча. У рэпартажы казалася, што на сьлед «шпіёнаў» атрымалася выйсьці, дзякуючы наводцы жыхароў гэтага дому. Яны западозрылі, што кватэру адначасова наведваюць каля дзесятка незнаёмых мужчын. Жыхары дому пачалі падазраваць, што там мог знаходзіцца наркапрытон. Група была затрыманая амаль у поўным складзе. Зьявіўся ў кватэры і Фінлі. БТ зьвярнула ўвагу, што амэрыканскі дыплямат увесь час лаяўся і патрабаваў ад міліцыянтаў пакінуць памяшканьне і прадставіць дакумэнты.

Разам з тым, журналіст Першага нацыянальнага тэлеканалу не паведаміў, ці арыштаваныя «шпіёны» і Фінлі, а таксама, ці апошні быў дэпартаваны з краіны. Яшчэ былі паказаныя сьведчаньні грамадзян Беларусі, якіх «дапытвалі» «амэрыканскія шпіёны».

Дарэчы, у віну Фінлі было пастаўлена пастаяннае наведваньне мітынгаў апазыцыі і былі паказаныя кадры з Эўрапейскага маршу, калі дыплямат фатаграфаваў супрацоўнікаў міліцыі.

Напрыканцы рэпартажу было паведамлена, што амэрыканскае пасольства часова прыпыніла выдачу візаў беларускім грамадзянам. Журналіст з іроніяй прывёў цытату з афіцыйнага сайту амбасады: «Разгляд візавых заяваў часовы прыпынены, бо нашы рэсурсы скіраваныя на іншыя прыярытэты».

У пасольстве ЗША празь Вялікдзень панядзелак зьяўляецца выходным днём, таму ніякіх камэнтароў там не даюць. Чакаецца, што нейкія заявы могуць быць толькі ў аўторак. Адмаўляецца ад камэнтароў і прэс-служба КДБ.

Палітоляг Віталь Сіліцкі заўважае, што акурат пару дзён таму «Газпром» зусім мінімальна павысіў цэны на газ для беларусаў. Сіліцкі лічыць гэта ўзаемазьвязанымі падзеямі: «Беларускія ўлады ствараюць такое становішча, пры якім Масква ня можа канфліктаваць з Лукашэнкам, бо ён такі антыамэрыканскі».

Віталь Сіліцкі дадаў:

Цікавы момант, ФБР не працуе за межамі ЗША, для гэтага існуе ЦРУ. Такім чынам, інфармацыю пададзеную на БТ можна лічыць поўнай бязглузьдзіцай.

Скандал са шпіёнамі ня першы скандальны віток у беларуска‑амэрыканскіх дыпляматычных дачыненьняў. 7 сакавіка з Вашынгтону ў Менск быў адкліканы пасол Беларусі Міхаіл Хвастоў. Такім чынам, беларускія ўлады выказалі сваю нязгоду з эканамічнымі санкцыямі супраць «Белнахтахіму».

12 сакавіка пасьля настойлівых рэкамэндацый з боку МЗС Беларусі зь Менску зьехала пасол ЗША Карэн Ст’юарт. Цяпер зьнешнепалітычнае ведамства настойвае на зьмяншэньні штату супрацоўнікаў амэрыканскага пасольства.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0