Фота Сяргея Гудзіліна

У матчы 30-га тура першай лігі чэмпіянату Беларусі напалову аматарскі клуб «Крумкачы» на сваім полі абыграў магілёўскі «Дняпро» (2:0).

Такім чынам, «Крумкачы» ўпершыню ў сваёй гісторыі заваявалі пуцёўку ў вышэйшую лігу, заняўшы трэцяе месца ў першай лізе.

Гаспадары забілі мячы на 74-й і 76-й хвілінах. За некалькі хвілін да першага гола аматары футбола засталіся без інтэрнэт-трансляцыі матча на сайце федэрацыі футбола: мяч трапіў у апаратуру.

Фота Сяргея Гудзіліна

У 2014 годзе «Крумкачы» падалі заяўку ў другую лігу і адразу выйшлі ў першую. Каб патрапіць у вышэйшую лігу камандзе, якую цяпер трэніруе вядомы беларускі спецыяліст Алег Дулуб, таксама хапіла аднаго сезону.

Асноўнае пытанне, якое прыйдзецца вырашаць «Крумкачам» у міжсезонне, — выкананне ўмоваў ліцэнзавання. У адваротным выпадку федэрацыя футбола можа не дазволіць камандзе, якая практычна не мае інфраструктуры, выступіць у вышэйшай лізе. Яе месца зойме клуб, які ідзе на больш ніжэйшай пазіцыі і адпавядае гэтым патрабаванням, у прыватнасці «Дняпро».

Раней пуцёўкі ў вышэйшую лігу заваявалі «Гарадзея» і «Іслач». Праз тое, што ў наступным сезоне топ-дывізіён пашыраецца з 14 да 16 каманд, яго пакінула толькі адна каманда («Гомель»).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?