Па зьвестках штабу Мілінкевіча, у акцыі «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка 2006 году ўзялі ўдзел больш за 20 тысячаў чалавек. Міліцыя ацэньвае колькасьць удзельнікаў больш сьціпла – па розных падліках, ад трох да пяці тысячаў чалавек. АНТ увогуле заявіла пра тое, што сабралося 300 чалавек, - паведамляе «КП» в Белоруссии»

21.45 Людзі разьвешваюць на галінах белыя, чырвоныя і сінія стужкі, стаяць уздоўж дарогі зь сьвечкамі і лёзунгамі. Народ сыходзіць вялікімі групамі.

21.40 Людзі пачынаюць разыходзіцца. На заканчэньне акцыі некім з удзельнікаў на сініх паветраных балёніках было запушчанае ў неба вялізнае бел-чырвона-белае палотнішча. Яго адносіць ветрам у бок жылога раёну.

21.25 Прынятая рэзалюцыя мітынгу. Аляксандар Мілінкевіч заклікаў людзей сабрацца 1 траўня. Інфармацыя пра час і месца збору мае зьявіцца на сайце палітыка. Выступае дачка Казуліна. Працягваюць падыходзіць людзі. Адбываецца калектыўная малітва. Выступоўца зачытвае па фразе з малітвы “Ойча наш”, а мітынгоўцы за ім паўтараюць.

Радыё Свабода: Людзі зьбіраюцца побач з капліцай, якая пабудаваная на грошы народа, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Ільга сказаць, што людзей больш за 15 тысячаў чалавек, бо калёна даўжынёю мэтраў 900 яшчэ ідзе па вуліцы Сурганава, а недзе каля 5 тысяч стаяць вакол капліцы. Людзі нясуць кветкі, сьвечкі, яны ідуць бясконца.

21.15 Людзі працягваюць падыходзіць, разьмяшчаюцца на пляцоўцы і навокал у парку. Прайшоў малебен. Зараз пачынаецца мітынг. Выступае Вінцук Вячорка.

20.57 Калёна падышла да царквы на скрыжаваньні вуліц Арлоўскай і Карастаянавай. Людзі зьбраюцца на пляцоўцы перад царквой. Каля ўваходу спыняюцца сьвятары з звонам.

20.47 Супрацоўнікі міліцыі арганізавалі штучны затор на вуліцы Сурганава, перадае прэс-служба АГП

20.45 Калёна падыходзіць да плошчы Бангалор. На ліхтары вісіць нізка бел-чырвона-белых балёнікаў. На плошчы маніфэстантаў чакае некалькі груп людзей. Хвост калёны - каля ўнівэрсаму Рыга (каля 700 мэтраў). Калёна па ходніках празь пешаходныя пераходы абыходзіць кальцавую разьвязку і кіруецца далей па вуліцы Арлоўскай. Зь вялікімі банэрамі-расьцяжкамі ідуць казулінцы і група “Вольная моладзь”.

20.30 Радыё Свабода перадае:

Побач са мной знаходзіцца Іна Кулаей, і да яе пытаньне: А.Мілінкевіч шмат разоў падкрэсьліваў, што акцыя мае мірны характар, каб людзі ацанілі гэта і не баяліся да яе далучацца. На Вашую думку, ці ажыцьцяўляецца гэтая мэта?

(Іна Кулей: ) "Я думаю, што гэтая мэта ажыцьцяўляецца якраз цяпер, калі мы ідзем у вялікім натоўпе, які можа і большы за той, што быў на плошчы 20-га сакавіка. Для гэтых людзей гэта жалоба, але ўпэўненасьць у тым, што іх шмат – гэта радасьць".

20.21 Калёна перайшла вуліцу Якуба Коласа. Рух цяпер ідзе цалкам па ходніках.

Фотарэпартаж з шэсьця да Акадэміі Навук (здымкі зробленыя каля 18.30)

Фота Андрэя Лянкевіча

20.13 Міліцыя выцясьняе шэсьце на шырокі ходнік ля клюбу “Юла”. Людзі запальваюць зьнічы. Прывітальна сыгналяць аўтамабілі. Некаторыя кіроўцы нават прыпыняюцца і разам з маніфэстантамі скандуюць “Жыве Беларусь”.

20.07 Шэсьце заняло ходнік і першую паласу на вуліцы Сурганава. Міліцыя папярэджвае, каб не выходзілі далей на праезную частку.

20.04 Міліцыя запатрабавала, каб мітынгоўцы пераходзілі праспэкт па падземным пераходзе. Арганізатар акцыі Віктар Івашкевіч назваў гэта правакацыяй. Пасьля абмркаваньня сытуацыі зь міліцыянтамі рух-такі быў перакрыты і калёна скіравалася на вуліцу Сурганава праз праспэкт.

20.00 Шэсьце рушыла ў бок вуліцы Сурганава. На чале сьвятары. Яны нясуць абраз Маці Божай Чарнобыльскай.

19.48 На Кастрычніцкай плошчы працягваюць дзяжурыць супрацоўнікі сілавых структур. Заўважаныя некалькі аўтобусаў і аўтазак. Міліцыянты робяць фэйс-кантроль тых, хто ідзе ў бок плошчы.

19.45 Выступае Мілінкевіч

19.20 Распачаўся мітынг ля Акадэміі навук.

Мітынгоўцы ўжо не зьмяшчаюцца на пляцоўцы. Да Акадэміі навук прыехалі паслы Чэхіі, Латвіі, Вялікабрытаніі. БТ бярэ ў іх інтэрвію, - паведамляе “КП в Белоруссии”

19.10 Падышла калёна з Кастрычніцкай плошчы. Людзей па папярэдніх ацэнках 10-12 тысяч. Па пэрымэтры пляцоўкі разьмешчаныя транспаранты . Людзі працягваюць падыхдзіць. Неўзабаве чакаюцца выступленьні.

18.55 Людзі выходзяць з грамадзкага транспарту і далучацца да калёны. Ля Акадэміі навук шмат бел-чырвона-белых сьцягоў. Разгорнутыя транспаранты. У натоўпе таксама лунаюць каля дзясятка чырвоных сьцягоў СССР. Зь імі, абвязаўшы тронкі чорнымі стужкамі, прыйшлі на чарнобыльскі шлях прадстаўнікі партыі камуністаў. Анархісты закрылі сваім сьцягам відэакамэру апэратыўніка, паралізаваўшы відэаздымку.

18.50 Пляцоўка перад Акадэміяй Навук досыць шчыльна запоўнена людзьмі. Яны скандуюць лёзунгі і чакаюць падыходу калёны з Кастрычніцкай плошчы.

Фотарэпартаж Радыё Свабода з шэсьця ад Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі навук

18.43 Над калёнай зьявіўся вялізны жоўта-блакітны сьцяг.

18.35 Калёна каля ЦУМу. Над калёнай – бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі АГП і жоўтыя балёнікі с сымбалем радыяцыйнай небясьпекі. Калёну па-ранейшаму суправаджае машына апэратыўнага прызначэньня, зь якой раздаюцца папярэджаньні.


Здымкі вэб-камэрай шэсьця ў раёне Плошчы Перамогі
(фота з форуму tut.by)

18.25 Аўтамабілі з супрацоўнікамі сілавых структур пакідаюць раён Кастрычніцкай плошчы і рухаюцца ў бок вуліцы Першамайскай.

18.20 Каля Акадэміі Навук сабралося каля трох тысяч чалавек. Па розных ацэнках ад некалькіх соцень да дзьвюх тысяч чалавек накіроўваюцца пехам да Акадэміі навук ад Кастрычніцкай плошчы.

18.15 Тыя, хто сабраўся ля Кастрычніцкай плошчы, рушылі да Акадэміі навук. Людзі ідуць па ходніках, найбольш – па правым. Калёна расьцягнулася ад цырку да плошчы Перамогі. Калёну суправаджаюць машына апэратыўнага прызначэньня, адкуль раздаюцца папярэджаньні, і два спэцмазы.

"На чале калёны – Аляксандар Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей, а таксама Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін і Аляксандар Бухвостаў.", - перадае Радыё Свабода

18.05 Кастрычніцкая плошча перакрытая. Міліцыянты не дазваляюць заходзіць на плошчу. Толькі выпускаюць зь яе людзей. Першы шэраг ачапленьня стаіць на выхадзе з падземнага пераходу па вуліцы Леніна. "Макдональдс" і ўнівэрсам “Цэнтральны” не працуюць. З боку праспэкта Скарыны невялікія групы людзей стаяць каля ГУМа і каля цырку. Шмат хто вырашае дабірацца да Акадэміі Навук, - перадае наш карэспандэнт Сямён Печанко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0