Кампанія МТС увяла сваіх абанэнтаў у зман. Да такой высновы прыйшло Міністэрства гандлю пасьля азнаямленьня са скаргамі карыстальнікаў сотавай сувязі, якія палічылі рэкляму падарунка «2008 хвілін па 10 рублёў» неадпаведнай рэчаіснасьці.

Падарунак — 2008 хвілін на надзвычай нізкім тарыфе (10 рублёў за хвіліну) — насамрэч аказаўся платнай паслугай коштам 20 тыс. 80 руб. Усе, хто да яе падключыўся, штомесяц гублялі са свайго рахунку каля 6 тыс. рублёў, незалежна ад колькасьці скарыстаных хвілін коштам 10 руб. Крыху больш за 200 руб. сьпісвалася штодзённа.

Між тым у рэклямных роліках, якія актыўна распаўсюджваліся ў СМІ ў лістападзе‑сьнежні мінулага году, пра дадатковыя траты не было сказана ні слова. Таму многія абанэнты, давяраючы МТС, палічылі за лішняе цікавіцца падрабязнасьцямі акцыі на сайце ці ў апэратара.

Незадавальненьне прыйшло пазьней, калі з рахунку сталі зьнікаць лішнія рублі. Міністэрства гандлю прызнала рэкляму неадпаведнай і вынесла папярэджаньне пра «немагчымасьць у далейшым распаўсюджваць неадпаведную рэкляму». Кампанія МТС падпарадкавалася і тым самым выратавалася ад адміністрацыйнай адказнасьці.

Увагу Мінгандлю зьвярнула партнёры «Юрыдычнай група «Вэрдыкт Бай», Ільля Латышаў і Валянцін Галіч. Яны разьмясьцілі на сваім сайце шаблён адпаведнай скаргі ў Мінгандлю. Юрысты кажуць, што гэта ўжо ня першы выпадак парушэньня кампаніяй МТС заканадаўства аб рэкляме. Летась Мінгандлю палічыла неадпаведнай рэкляму акцыі «Сьпёка +50».

Некаторыя абанэнты выказалі намер напісаць заяву на МТС з просьбай вярнуць незаконна сьпісаныя грошы. У скрайнім выпадку, зьвярнуцца ў суд. Дарэчы ад аднаго са спажывецкіх таварыстваў паступіла прапанова падаць на МТС калектыўны пазоў.

Паводле Экспресс-новости

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0