Супрацоўнікамі аддзялення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Партызанскага РУУС Мінска затрыманы 27-гадовы мінчанін, які пры затрыманні праглынуў псіхатроп, што быў пры ім. 

Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, у распараджэнні супрацоўнікаў міліцыі з'явілася аператыўная інфармацыя аб тым, што мужчына займаецца распаўсюджваннем наркотыкаў. За падазраваным было ўстаноўлена назіранне, а падчас сустрэчы са знаёмым ён быў затрыманы. У момант затрымання падазраваны праглынуў скрутак, што быў пры ім. 

Супрацоўнікі міліцыі даставілі мужчыну ў гарадскую клінічную бальніцу. Пасля правядзення працэдуры эндаскапіі са страўніка затрыманага дасталі палімерны пакецік, у якім знаходзіўся парашок белага колеру. У выніку правядзення хімічнай экспертызы было ўстаноўлена, што гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва альфа-PVP. 

Затрыманы раней ужо быў неаднаразова судзімы за маёмасныя злачынствы. Цяпер у дачыненні да яго Партызанскім РАСК Мінска распачата крымінальная справа на падставе ч. 1 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0