Уладзімір Кажэўнікаў — гэта супрацоўнік міністэрства абароны Беларусі, адзін з рэдактароў агенцтва «Ваяр», які нядаўна праславіўся сваімі развагамі пра беларускі герб «Пагоня» і публікацыямі ў сацсетках. 

У сваім фэйсбуку і твітары Кажэўнікаў рабіў рэпосты з антыбеларускімі і антыўкраінскімі выказваннямі, упарта называў Беларусь «Белоруссіей» і сцвярджаў, што нават «Бацька і ягоныя прапагандысты не змогуць змяніць правілаў расійскай мовы». 

Таксама Кажэўнікаў даводзіў, што Сімферопаль, Масква і Мінск знаходзяцца ў адной краіне, а беларускай мовы не існуе — ёсць «заходнеруская». 

На падставе гэтых допісаў прынамсі адзін чалавек напісаў у Міністэрства абароны зварот з просьбаю патлумачыць выказванні супрацоўніка Кажэўнікава. 

І вось сёння ў фэйсбуку апублікаваны адказ з міністэрства. (Свой твітар-акаўнт Кажэўнікаў, дарэчы, ужо выдаліў).

У ім напісана, што з Кажэўнікавым «праведзеная размова пра неабходнасць ужывання агульнапрынятай назвы краіны — Рэспубліка Беларусь».

Апроч таго, Кажэўнікаву нібыта параілі «звярнуць увагу на навуковыя працы беларускіх вучоных, прысвечаныя пытанням паходжання і станаўлення беларускай мовы». 

Але разам з тым у Міністэрстве абароны адзначылі, што Кажэўнікаў, як грамадзянін, мае права выказваць свае погляды ў сацыяльных сетках. 

Экстрэмізму ў публікацыях Кажэўнікава не знайшлі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?