Лепшага часу для гэтага радаснага паведамленьня і выбраць было немагчыма. У Крамлі рыхтуюцца да інаўгурацыі новага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева і, напэўна, думаюць, як бы зрабіць так, каб Уладзімер Пуцін выглядаў на гэтай цырымоніі ня бедным сваяком, а наадварот, падаваўся чалавекам, які нікуды не сыходзіць. А ў Менску старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына выказала думку, што прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка будзе балятавацца на чацьвёрты тэрмін. Заўважым, на чацьвёрты, не на якісьці там трэці. І кажуць пра гэта тады, калі трэці тэрмін прэзыдэнцтва Аляксандра Рыгоравіча ў самым разгары, — калі ўсё будзе добра, яго абяруць толькі ў 2011 годзе.

Цікава, ці разумее Лідзія Ярмошына, што яна папросту зьдзекуецца з Уладзімера Пуціна. Расейскі прэзыдэнт расказаў усяму сьвету, што працаваў як раб на галерах і больш ня хоча грэбці — прынамсі, пакуль. Вобраз запомніўся: вымушаны задумацца пра пераемніка малдаўскі прэзыдэнт Уладзімер Варонін таксама кажа, што працаваў як раб на галерах, толькі галера ў яго невялікая. А прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран, які пасьпяхова правёў сваю апэрацыю «Пераемнік», увогуле, здаецца, гатовы ўзарваць галеру разам з сабой — так ён стаміўся за два тэрміны. І раптам аказваецца, што ёсьць чалавек, які будзе ўдзельнічаць у выбарах «пакуль яго падтрымлівае народ, пакуль у яго самога будуць сілы для гэтай вельмі нялёгкай працы» — кажучы словамі Лідзіі Ярмошынай.

То бо, з аднаго боку, праца налёгкая, а зь іншага — ёю можна займацца да бясконцасьці. Грэбці й грэбці й грэбці — пакуль гэтая няшчасная галера не разваліцца канчаткова ад тваіх тытанічных высілкаў. Або не затоне ў росквіце.

Незразумела, зрэшты, толькі адно: чаму грэбці дазваляецца толькі Аляксандру Лукашэнку, а іншых рабоў на галерах гаспадары адпускаюць на волю, працаваць прэм’ер‑міністрамі. І хто гэтыя несправядлівыя гаспадары, якія пра Беларусь думаюць, а пра Расею ці Армэнію ня думаюць ані трошкі.

Бо можна было б правесьці рэфэрэндум, усё аформіць па‑чалавечы — і тады ў 2011 годзе старшыня Цэнтрвыбаркаму Расеі Ўладзімер Чураў сказаў бы, што Ўладзімер Пуцін будзе балятавацца на чацьвёрты тэрмін. «Пакуль яго будзе падтрымліваць народ, пакуль у яго самога будуць сілы для гэтай вельмі нялёгкай працы, ён будзе ўдзельнічаць у выбарах», — сказаў бы Чураў. І ўсе былі б задаволеныя й нават шчасьлівыя. Нават Аляксандар Лукашэнка, які зьбіраецца балятавацца на пяты тэрмін, — ён жа любіць Расею й жадае ёй усяго найлепшага. А калі непадалёк ад Аляксандра Рыгоравіча на сваёй вялікай галеры грабе Ўладзімер Уладзімеравіч — дык гэта і ёсьць ідылія, лепшага і ня трэба.

Але Чураў нічога такога ня скажа. Гэта Ярмошына можа задумвацца пра пяты тэрмін прэзыдэнта Лукашэнкі. А Чураву дай бог арганізаваць другі тэрмін прэзыдэнта Мядзьведзева й адправіцца паслом у Беларусь — калі Лукашэнка не адмовіць яму, як Вешнякову. Крыўдна, праўда?

І калі мне крыўдна, то як павінна быць крыўдна Ўладзімеру Ўладзімеравічу. Хаця, зь іншага боку, у яго можа быць куды большы патэнцыял дэмакратычнага мысьленьня, чым у мяне. І я не веславаў на галеры, можа, гэта вельмі цяжка. Тут на звычайным чаўне паграбеш‑паграбеш — і ўжо ня радуешся ні возеру, ні спадарожніцы. А галера вялікая, і восем гадоў усё‑ткі. Можа, Пуцін і радуецца паціху.

Але чаму тады Лукашэнка не стамляецца? Напэўна, у яго маторны човен замест галеры? Прэзыдэнтам дастаюцца галеры, а кіраўнікам рэгіёнаў Расеі, напрыклад, — маторныя чаўны. І яны ганяюць на іх па суб’ектах фэдэрацыі пяць тэрмінаў запар — і нічога, нават лепш выглядаюць, дастаткова хаця б на Юрыя Міхайлавіча паглядзець — маскоўскага чаўняра.

Тайна Лукашэнкі палягае ў тым, што падчас сваіх паездак па расейскіх рэгіёнах ён дастаў сабе такі човен з маторчыкам і катаецца. Таму што ён не сапраўдны прэзыдэнт. Сапраўдныя — на галерах, з крывавымі мазалямі і ў тогах. Галоўнае, каб яны пра маторныя чаўны нічога не даведаліся.

Віталь Портнікаў, Grani.ru

Глядзі яшчэ:
Выратаваньне Мілінкевіча
Віталь Портнікаў: Плян для Лукашэнкі
Віталь Портнікаў: Казус Дашкевіча
Прагулка зь нябожчыкам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0