Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 19 лістапада прынялі ў другім чытанні папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». 

Паводле слоў намесніка старшыні парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Тамары Красоўскай, законапраект скіраваны на далейшае ўдасканаленне прававога рэгулявання інстытута грамадзянства Беларусі. 

Дакумент канкрэтызуе паняцце бесперапыннасці тэрміну пастаяннага пражывання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства непасрэдна да звароту з заявай аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Гэта дазволіць устараніць наяўныя супярэчнасці пры вызначэнні бесперапыннасці пражывання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі. 

Законапраект пашырае правы атрымання грамадзянства ў спрошчаным парадку. Так, выключаецца неабходнасць патрабавання абавязковага знаходжання ў грамадзянстве былога СССР асоб, якія набываюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь у парадку рэгістрацыі. 

Таксама дакумент канкрэтызуе парадак атрымання беларускага грамадзянства па нараджэнні. У прыватнасці, уводзіцца падстава прадастаўлення грамадзянства Рэспублікі Беларусь дзіцяці, якое нарадзілася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а бацькі якога часова пражываюць у ёй і з'яўляюцца асобамі без грамадзянства. 

Акрамя таго, замацоўваецца палажэнне аб набыцці грамадзянства дзецьмі, у дачыненні да якіх устаноўлена бацькоўства або мацярынства адным з бацькоў — грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?