90 гадоў таму, 25 сакавіка 1918 году, у Менску была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня Народнага сакратарыяту — Язэп Варонка, старшыня Рады БНР — Янка Серада).

Прынятая 25 сакавіка ў акупаваным немцамі Менску Трэцяя Ўстаўная Грамата абвяшчала:

***

«Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо расійскаго царызму‚ які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; ні пытаючыся народу‚ ён кінуў наш край у пажар вайны‚ якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія.

Цяпер мы‚ Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці‚ якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і нізалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнаю дзяржавай. Самы народы Беларусі ў асобе свайго Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу усе старыя дзяржаўныя зьвязі‚ якія далі магчымасьць чужому ураду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці‚ што забівае насьмерць беларускі народ‚ дзелячы зямлю яго на часткі.

На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі‚ прапануючы ім перагледзець тую часьціну Берасьцейскага трактату‚ якая датычыць Беларусі‚ і падпісаць міравую ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі‚ дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ‚ а ласьне: Магілёўшчыну‚ беларускія часьці Меншчыны‚ Гродзеншчыны (з Гроднай‚ Беластокам і інш.)‚ Віленшчыны‚ Віцебшчыны‚ Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў‚ заселеных беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка падцьверджывае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі‚ якія абвешчаныя Ўстаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 году.

Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі‚ Рада яе пакладае свае надзеі на тое‚ што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу у поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы…

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі

Дана ў Менску-Беларускім 25 сакавіка 1918 году.

* * *

Беларуская Народная Рэспубліка ня стала рэальнай дзяржавай у сапраўдным разуменьні гэтага слова, Рада БНР і Народны Сакратарыят ня меў рэальнае ўлады і ня здолеў стварыць жыцьцяздольныя структуры на месцах. Тым ня менш Акт 25 Сакавіка меў вялікае значэньне. Абвяшчэньне БНР паскорыла працэс стварэньня беларускай савецкай рэспублікі, а таксама стала фундамэнтам для разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст.

Са сьвятам, чытачы!