Лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык 24 лістапада абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе пастанову суда Цэнтральнага раёна сталіцы за ўдзел у акцыі апазіцыі. У выніку рашэнне суда Цэнтральнага раёна адменена, паведаміў палітык.

28 кастрычніка Сіўчык быў аштрафаваны на 50 базавых велічынь (9 млн. рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным «шэсці нацыянальнага сцяга», якое прайшло ў цэнтры Мінска 10 кастрычніка. Суд Цэнтральнага раёна прызнаў яго вінаватым па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства).

Пры разглядзе касацыйнай скаргі Сіўчык не прысутнічаў, аднак у судзе быў яго адвакат. Паводле слоў актывіста, рашэнне адменена з-за працэдурных парушэнняў, у прыватнасці яму не было паведамлена аб разглядзе справы ў судзе Цэнтральнага раёна.

Зазначым, што гэта ўжо другі выпадак адмены рашэння суда ў дачыненні да Сіўчыка па пратаколах, складзеных на яго за ўдзел у акцыях апазіцыі ў апошнія месяцы. 3 лістапада Мінгарсуд адмяніў рашэнне суддзі Вікторыі Шабуні ад 9 кастрычніка ў дачыненні да Сіўчыка аб вынясенні яму штрафу ў 60 базавых велічынь (10,8 млн рублёў).

Абедзве справы вернутыя ў суд Цэнтральнага раёна на разгляд іншым суддзёй. «Сутнасці гэта не мяняе, судзіць мяне няма за што, дый у Беларусі няма незалежнага суда», — мяркуе палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?