Праект стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі прадугледжвае, што на аэрадроме ў Бабруйску будуць знаходзіцца 12 баявых самалётаў і 4 транспартна-баявыя верталёты Мі-8. Такія лічбы назваў начальнік аператыўнага кіравання глаўкамата Паветрана-касмічных сіл Расіі Аляксандр Ляпкін.
Паводле яго словаў, якія перадае ria.ru, склад расійскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя. Ён заявіў, што дакумент узгоднены з беларускім бокам і папрасіў беларускіх калег паскорыць правядзенне неабходных працэдур па падрыхтоўцы пагаднення да падпісання.
Пытанне аб размяшчэнні расійскай авіябазы ў Беларусі павінна было разглядацца на сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін 26 лістапада. Аднак пазней стала вядома, што візіт Лукашэнкі ў Маскву адкладзены.