Тані Сяміполькі ў Пярэхрысці магло і не быць. Яе бацька, Аскольд Сяміполька, крэпенькі як гарбуз украінец са смалянымі вачыма на паўтвару, прыехаў сюды з-за свету разам з высокай, худой і ссохлай жонкаю. У Пярэхрысці Сяміпольку адразу ж перахрысцілі ў Сяміпалку, бо ў іх з жонкаю якраз і нарабілася сямёра дзяцей. У дзецях жонка і Сяміпалка змяшаліся ў самых дзіўных прапорцыях: адны былі круглыя, вачастыя і насатыя, другія — высокія, худыя, з раскосымі вачыма, унутраны ражок якіх глядзеў уніз, а знешні — уверх.

Іра адразу незалюбіла сваю раўналетку Таню Сяміпалку з-за раскосых вачэй і вельмі вузкіх ноздраў, нібыта прарэзаных нажом. Сеўшы на плот і зазіраючы ў суседскі двор, Іра дражнілася: «Танька-шманька, задрыпанька, не праколатыя дзіркі, а прарэзаныя дзіркі». Танька ніколі не баранілася, а хавалася за агрэст і там плакала. Гэта ўрэшце праняло жорсткае сэрца Іры. Тым больш што бабка сказала: «От гордыя дзеці Сяміпалкавы! Голыя-галодныя, а ніколі да стала не пойдуць, прасіць не будуць і галоўкі высока носяць, як макавачкі». Іра стала прыглядацца да суседкі. Таня праўда была, як макавачка — невысокая, танклявая і смуглявая.

«Гэта таму, што яны ўкраінцы, — думала Іра. — Баба кажа, Украіна так завецца таму, што яна на самым краі, і таму іх там пячэ сонца, от зачым яны такія чарнявыя».

І ў адзін цудоўны дзень, калі сонца пякло як ва Украіне, Іра ўзлезла на плот, але пра прарэзаныя дзіркі нічога не крычала.

— Танька! — сказала. — Пакажы руку.

Стоеная за агрэстам Танька так здзівілася, што высунула калматую галаву.

— Якую руку? Нашто табе? — спытала з асцярогай.

— Нясі руку, кажу, я хачу паглядзець. Хочаш, дам бліна са смятанай і цукрам?

— От яшчэ! У нас гэтыя бліны і кот не есць.

— Ну хадзі, я не буду дражніцца.

Таня асцярожна падышла да плота, хаваючы рукі ў кішэні выцвілай сукенчыны.

— Таня, — сказала Іра ўрачыста, — ты знаеш, што я беларус?

— Ну? Вы ўсе тут беларусы, папа кажа. Беларусы ў ж…е трусы.

Іларыя — а так не па-простаму звалі Іру насамрэч — замыслілася, што б сказаць пра ўкраінцаў. Потым прыдумае.

— Танька, я беларус, а значыць, белы і русы, а ты ўкраіна, значыцца, чорная і цёмная, бо ў вас пячэ сонца. Пакажы сваю руку, а я табе сваю пакажу.

Таня дастала руку з сукенчыны, Іларыя саскочыла з плоту і прыклала сваю лапэтку да суседчынай. Гэта сапраўды былі вельмі розныя рукі.

Ірыны былі беласнежныя, з сінімі жылкамі на самым версе, са шнарам там, дзе ўкусіў злосны кабан, які не хацеў стаць ездавым канём.

Таніны былі смуглявыя, даўгапалыя, пералівістых ліній.

Ірына белая скура была грубая і клятчастая, як маміны сшыткі ў клетачку.

Таніна скура была роўная, як шоўк.

Прайграваць Іра ўмела.

— Таня, я праўда беларус, а ты ўкраіна. І ва ўкраінцаў лепшыя рукі.

У гэты дзень яны параўналі яшчэ валасы, вочы і насы. А таксама ногі — на чыю нагу лепей насыпаць пясок і абпляскваць рукамі, каб атрымаўся круглы домік. Выйшла, што на Ірыну, бо ў Іры былі доўгія, высока паднятыя ступакі.

Вечарам Таня Сяміпалка згадзілася зайсці да Іры дахаты і прыняць блінцы. Яны елі на адкідной паліцы буфета, у якім белай бомбай бухаў круглы будзік — так што часам трохі пазвоньвалі стопачкі. І мама Іларыі глядзела на іх ад грубкі і казала задуменна і ласкава:

— Ешце, дзевачкі, ешце.

 

З тых часоў Таня і Іра не расставаліся аж да пятнаццаткі. Пакуль у іхны клас не ўвайшла фізіца і не сказала: «А гэта наш новы вучань, Андруша Алоўнікаў». Ага, Андруша. Гэта быў цэлы Андрэй. Алоўнікаў быў высокі, прамы і шыракаплечы, і проста скіроўваў свой позірк на ўсё, сумневу ніякага не знаючы. Іра і Таня абедзьве неяк адразу зразумелі, што ён не мае ў сабе страху, і ніякай нормы на яго няма. Прыйшоў не ў сінім форменным, а ў цёмна-шакаладным касцюме, валасы колеру шэрага пяску, вочы зялёныя, а нос і падбароддзе раздвоеныя, як змяінае джала.

Гэтае параўнанне з джалам Іларыі прыйшло ў галаву нашмат пазней, і было яно, шчыра кажучы, несправядлівае. Бо Алоўнікаў ад самага пачатку быў чэсны і казаў: «Ірачка, мне цябе мала, і заўсёды будзе мала».

Маці Алоўнікава, Цыля, насіла кеды з доўгай спадніцай. Ёй усё адно было што насіць, дзе жыць і кім рабіць. Яна не саромелася газавых хустак у залатыя дарожкі, нават тады, калі такія хусткі адпрэчылі самыя старыя кабеты. Цыля ішла вуліцай, у газавай хусце на цёмнай галаве, пхаючы вострымі каленямі доўгую фальбанястую спадніцу і пазіраючы ўніз, як кеды ўздымаюць фантанчыкі пылу. Жанчыны яе ненавідзелі, а мужчыны па ёй шалелі. І невядома, нянавісць ці юр спараджалі показкі, што Цылю лавілі пад мужчынам у кароўніку на сене, на бульбяной сартоўні, у лесе з двума. Яе старэйшы сын меў тую ж славу. Малодшы, Ісай, быў яшчэ горшы. Яго баяліся з ягоных трынаццаці.

Андрэй жа вучыўся на чатыры і пяць, быў камсоргам і раздаваў аўтаматы за ваенкама. А ўначы ва ўрочышчы Белыя Імхі паліў вогнішча, вакол якога сядзелі юныя прыблуды, зладзеі і грэшнікі з трох навакольных вёсак. Пілі самагонку, смажылі крадзенае, пяялі пад гітару і кахаліся.

Іларыя была дзённая, а Таня начная. Іра ненавідзела і любіла Таню, усё прыпомніла ёй: тонкія рукі, раскосыя вочы, шаўковыя валасы. Удзень Іра кахалася з Алоўнікавым у жыце, на прыпынку, ва ўласным садзе, а ўночы, праехаўшы роварам тры кіламетры, паўзла праз крапіву, альшэўнік і маліннік, каб пабачыць трапёткае чырвонае полымя на паляне, чорныя цені балявальнікаў, і сярод іх — Алоўнікава, які абдымаў Таньку за тонкія ейныя плечы.

Тады Іра і пайшла да Чорнай Палуты з просьбай прысушыць Алоўнікава.

Палута ўважліва паглядзела на яе і сказала: «Цыля на вашым бульбоўніку разаслала коўдру і на ёй паабедала. Таму ты так і прысохла. Цыля хоча, каб яе сын з табой ажаніўся, вылюднеў і жыў як чалавек. Але ён таго не хоча. Яму цябе мала. Я цябе лячыла і вучыла. Ты нічога не можаш рабіць на сабе. Ні на мужчын, ні на грошы, ні на ворагаў. Нічога на сабе рабіць не можаш. Ніводная знахарка на сабе не робіць. Забудзь».

 

Усё нядобрае Іры прыдаралася ў лістападзе. У той лістапад, калі ў шыбу пагрукалі, Іра ўжо ведала, што зараз давядзецца надзяваць куртку і бегчы ў ноч. На ганку яна знайшла Таню, ці то п’яную, ці то хворую, але абсунутую як капа і непрытомную. Падхапіла яе і пацягнула як магла да бабы Палуты.

…Сіняя вада цякла з Таніных непрытомных рук. Тонкія рукі, драбнаклетачная скура. «Да каго б яна прыйшла, каб не да мяне».

Чорная Палута вывела Іларыю ў сенцы і сказала:

— Не знаю, як, што і дзе, але дзіцятка яна замарыла. У яе з рук сіняя вада бяжыць. І ўнізе я паглядзела. У бальніцу ёй няможна — сядзе.

— Бабо, я хачу гэта схаваць. Яна гэта не з радасці. Што нам рабіць?

— Дзіця ляжыць недзе ў гарбузах ці ў качанах. Пад гарбузамі ці качанамі. Ідзі шукай, забяры, перахавай. Не маё дзела.

Іларыя ўспомніла капцы з агародным смеццем ад эксперыментальнай базы. Па гэтых капцах драліся ўгару гарбузы і дасягалі макабрычных памераў. Таня рабіла на базе, палола піхтавыя і картопельныя гадавальнікі, смецце выносіла, верагодна, і дзіця вынесла.

— Вы яе, бабо, не чапайце, падпойвайце, хай спіць, я пайду пашукаю.

Іларыя абышла ўсе чатыры капцы, падсвечваючы ліхтарыкам. Капцы былі вялізныя, нагадвалі магілу нейкіх сямнаццаціметровых волатаў. Складаліся з бульбоўніка, абрэзаных галін, гнілых яблык ды ігруш, выдзертага пустазелля. І на гэтых кампоставых кучах вельмі буяла жыццё. Асабліва стараліся шыпшына і гарбузы. Іра меланхалічна думала, што гарбузы з іх фактурай і пупавінай вельмі нагадваюць кінутых немаўлят. Але на такіх капцах гарбузам добра, а вось немаўляты і кацяняты не выжываюць.

І ўсё-такі Іларыя пачула той слабы мяўк і ўзлезла, грузнучы і правальваючыся ў леташняй саломе і гнілых гурках.

Новая Сяміпалачка была толькі трохі прысыпаная расліннай трухляддзю і яшчэ магла мяўкаць.

Іларыя ўзяла яе так асцярожна, як некалі трох закапаных кацянят, паклала ў падол, стараючыся не адчуваць, цяплее цельца ці халаднее, і пайшла ўніз, да Пярэхрысці, Чорнай Палуты, цёплай печы і чыстай вады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0