З восеньскім "гнілым лібэралізмам", калі маніфэстанты вольна шпацыравалі па галоўным сталічным праспэкце, скончана. Такі мэсыдж адрасавала ўлада незалежнай супольнасьці 25 сакавіка 2008 году. Пасланьне ілюстраванае брутальным разгонам, каля васьмі дзесяткаў чалавек затрыманыя (вось тут няпоўны сьпіс). Карацей, асадзі назад!

Можна, канешне, папракаць арганізатараў акцыі, што наступаюць на граблі каторы раз. Блякаваньне плошчы няцяжка было прадбачыць, і калі б папярэдне заклікалі ўсіх зьбірацца з аднаго боку, расьсекчы ўдзельнікаў было б ня так проста. Тады б, магчыма, і мітынг ля Акадэміі атрымаўся не такі скамечаны.

Хаця, па вялікім рахунку, супраць лома няма прыёму. Відавочна, што сілавікі былі зарыентаваныя на жорсткі варыянт. Замест выцісканьня ўжылі хапун.

Гэта здаецца нелягічным на фоне таго, што напярэдадні дзяржаўныя мэдыі ўпершыню дастаткова ўзважана пракамэнтавалі тэму БНР у гістарычным ракурсе. Дык чаму б і ня даць ангажаванай публіцы магчымасьць зладзіць сьвята паводле ейнага сцэнару? І Эўразьвязу б сыгнал пайшоў: бачыце, у нас дэмакратыі сапраўды ня меней, чым у нейкай там Аўстрыі, дарэмна янкі чапляюцца!

Але ж не! Бо адна рэч — фігуры бацькоў-заснавальнікаў БНР. Іх можна ўжо і ў пантэон, і нават патрохі — у піяраўскую абойму. Відэашэраг на тэлевізіі ў мінулую нядзелю пачалі хронікай 1918 году, а завершылі кадрамі зь цяперашнім афіцыйным лідэрам. Вось, маўляў, хто рэальна ўвасабляе ідэалы беларускай дзяржаўнасьці, якія не пашэнціла ўвасобіць рамантыкам з Рады БНР. Так неўзабаве дойдзе і да князёў ВКЛ ды Полацкай дзяржавы. Маўляў, бачыце, адкуль вытокі моцнай улады, што мужна адбівае варожыя напады з усіх бакоў!

Карацей, адна рэч — постаці мінуўшчыны, і зусім іншая — сёньняшнія апазыцыянэры. Зь імі антымоніі разводзіць няма чаго. За выпешчаныя ў андэграўндзе незалежніцкія лёзунгі дзякуй, мы іх на канцэртах для "забеларусаў" прыстасуем, а вось за несанкцыянаваны маршрут (кветкі, бач, ім карціць ускласьці!) атрымлівайце па поўнай праграме!

Канешне, гэтая брутальнасьць карэлюецца і зь цяперашнім антыамэрыканскім трэндам. Эўразьвяз жа хоць і не падтрымае, хутчэй за ўсё, санкцыі супраць "Белнафтахіму", але і разгортваць дыялёг зь Менскам зараз не разгоніцца: эўраатлянтычная салідарнасьць не дазваляе.

Карацей, торг, дзеля якога ўсю восень трывалі шэсьці, а ўзімку нават выпусьцілі некалькіх вязьняў, не адбыўся. Альгарытм зламаны, як кажуць у беларускім МЗС. Новы тур гульняў з Захадам — ня заўтра. Дык нашто дарэмна ствараць бачнасьць адлігі, скрыгатаць зубамі і паліць апошнія нэрвовыя клеткі, назіраючы за "дэмакратычнай вакханаліяй"? Хай лепей баяцца! Дзень Волі, кажаце? Асадзі назад!

P.S. А лорд Бэл, кажуць, піша ўжо плян паляпшэньня іміджу Беларусі. Зараз, бадай, варта прасіць падвойны ганарар!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?