Рада аховы памяці барацьбы і пакутніцтва Польшчы мае намер праінвеставаць добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў суайчыннікаў у Брэсце. Гэта пытанне абмяркоўвалася сёння на сустрэчы прадстаўнікоў арганізацыі з кіраўніцтвам Брэсцкага аблвыканкама.

У Брэсце ёсць трое воінскіх могілак, дзе ў перыяд з 1920 па 1939 год былі пахаваныя польскія вайскоўцы. Прадстаўнікі дзяржаўнай арганізацыі, якая займаецца ушанаваннем памяці аб гістарычных падзеях, наведалі кожная з іх і засталіся задаволеныя ўбачаным. «Мы бачылі трое польскіх ваенных могілак у Брэсце. Кожныя з іх патрабуюць вялікіх інвестыцый для рамонту, але відаць, што яны дагледжаныя, і за гэта мы выказваем падзяку беларускім уладам», — адзначыў сакратар рады аховы памяці Анджэй Кунэрт.

Ён паведаміў пра гатоўнасць польскага боку інвеставаць у капітальны рамонт двух воінскіх могілак, адны з якіх размешчаны на паўночнай ўскраіне Гарнізонных могілак, іншыя — у мікрараёне Адамкава. Да прац плануецца прыступіць ўжо вясной 2016 года. Па словах Анджэя Кунэрта, у Польшчы штогод рамантуецца 100-120 воінскіх пахаванняў. У 2013-2014 гадах былы адрамантаваныя самыя вялікія ў Варшаве вайсковыя могілкі, дзе пахавана больш за 104 тысяч салдат. Кошт рамонту склаў 1,5 млн еўра. Акрамя таго, за апошнія 5 гадоў намаганнямі рады адноўлены могілкі польскіх вайскоўцаў у Італіі, Індыі, Узбекістане, Казахстане, Кыргызстане, Угандзе, Францыі, Германіі, Швейцарыі. У Беларусі гэтую працу вырашана пачаць з Брэста.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык адзначыў, што ахова і падтрыманне парадку на гісторыка-культурных аб'ектах, воінскіх пахаваннях — высакародная задача, якая блізкая беларусам гэтак жа, як і палякам. Больш таго, у вобласці ёсць вопыт узаемадзеяння з замежнымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі па гэтым пытанні. У прыватнасці, цесныя кантакты ўсталяваныя з Народным саюзам Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі. Валанцёры абласной арганізацыі БРСМ і Саюза сельскай польскай моладзі добраўпарадкоўваюць пахавання савецкіх воінаў пад горадам Бяла-Падляска ў Польшчы. Доўгі час мясцовыя органы ўлады аказваюць садзейнічанне польскаму боку ў аднаўленні касцёла ў вёсцы Воўчын Камянецкага раёна.

«Гэта толькі умацоўвае давер паміж народамі, выхоўвае паважлівае стаўленне ў моладзі да памяці загінулых, да сваёй гісторыі. Гэта вельмі важна», — сказаў Леанід Цупрык. Ён таксама прапанаваў абмеркаваць пытанне аб вайсковым пахаванні ў вёсцы Дуброўка Драгічынскага раёна. Пошукавы батальён Міністэрства абароны некалькі гадоў таму выявіў там парэшткі ваеннаслужачых, меркавана — польскіх жаўнераў. «Асобы з польскага боку, якія курыравалі гэтую працу, загінулі ў авіякатастрофе ў 2010 годзе. Думаю, гэтыя раскопкі трэба працягнуць», — выказаў меркаванне віцэ-губернатар.

Усяго на тэрыторыі Брэсцкай вобласці знаходзіцца 874 воінскіх пахаванні, у тым ліку 18 замежных, з якіх 9 — польскія. Ёсць таксама 26 змешаных пахаванняў, у шасці з якіх пахаваныя польскія грамадзяне. Агульная колькасць загінулых і пахаваных на тэрыторыі вобласці воінаў складае 421 895 чалавек, з якіх высветленыя імёны 52 681 чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?