Беларускі следчы камітэт паведаміў падрабязнасці пра затрыманне 26 лістапада на чыгуначным вакзале Мінска узброенага мужчыны, які прыехаў з Украіны. Былі апублікаваныя фотаздымкі канфіскаваных рэчаў: бронекамізэлька, самаробная граната, пісталет Макарава, некалькі пашпартоў…

Па дадзеным факце распачатая крымінальная справа за «Незаконныя дзеянні ў дачыненні зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».

Гэтая інфармацыя выклікала шмат пытанняў. Няўжо рэальны ўдзельнік баявых дзеянняў, які знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў не больш за паўтара месяцы, можа лёгка праехаць беларускую мяжу са зброяй і хадзіць з пісталетам па мінскім вакзале, прычым, у бронекамізэльцы пад курткай.

На сайце СК быў апублікаваны здымак даведкі пра тое, што затрыманы браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны з 6 кастрычніка гэтага года. Паведамляецца, што мужчына — 28-гадовы ураджэнец Віцебшчыны, навучаўся ва ўніверсітэце ў Наваполацку.

Звяртаемся непасрэдна ў «Правы сектар» з пытаннем, ці сапраўды затрыманы — іх баец.

Арцём Скарападскі, прэс-сакратар арганізацыі, пасля нашага тэлефанавання звязаўся з камандзірам тактычнай групы імя капітана Валавіка, у якой, паводле даведкі, ваяваў затрыманы. Камандзір інфармацыі пра затрыманне іх байца на момант тэлефанавання не меў. Паводле слоў Скарападскага, усе байцы-беларусы з «Правага сектара» знаходзяцца ў месцах нясення службы. Таксама прэс-сакратар падкрэсліў, што апублікаваную даведку лёгка падрабіць. Усю названую інфармацыю Скарападскі назваў папярэдняй.

З ананімных крыніц Еўрарадыё атрымала фотаздымак затрыманага на чыгуначным вакзале. Паказваем фота байцу-беларусу, які бярэ ўдзел у АТА на баку украінскіх войскаў. Крыніца нечакана пазнае чалавека на здымку.

«Гэта не фэйк, сапраўды, такі хлопец існуе. Ён з «Правага сектара». Пра яго ад’езд ніхто не ведаў. Мы мелі з ім кантакт, але не болей за тое. Асцерагаліся гэтага чалавека, бо ён дзіўна сябе паводзіў. Мы паміж сабой жартавалі: ён ці з прусакамі ў галаве, ці агент беларускіх спецслужбаў. Ці адно і другое адначасова», — дзеліцца інфармацыяй крыніца.

Еўрарадыё: Чаму вы падазравалі гэтага чалавека?

Удзельнік АТА: У Беларусь ён ездзіў не ў першы раз за ўвесь кароткі час, што ён тут знаходзіўся. Найперш, з гэтай прычыны мы яго асцерагаліся. Калі шчыра, фотаздымкі зброі, якую ў яго нібыта канфіскавалі, вельмі здзіўляюць. Пісталет Макарава тут рэдкасць. На чорным рынку ён каштуе больш за 1000 долараў. Нашы хлопцы з выведкі набывалі ПМ. І тое, трэба было пашукаць. Каб вы разумелі, аўтамат ці кулямёт знайсці ў разы прасцей. А штука баксаў — дурныя грошы! АКС-74 (малагабарытная мадэль аўтамата Калашнікава, — Еўрарадыё), напрыклад, каштуе ад 300 да 700 баксаў. Мы лічым, што яго маглі ўзяць «голым», але з дакументамі. А іншае да справы ўжо прыклалі.

Удзельнікі «Тактычнай групы «Беларусь», якая ўваходзіць у структуру «Правага сектару», таксама пазналі чалавека на фота:

«Гэта баец з пазыўным «Дук». Ён не ўваходзіў у шэрагі нашага падраздзялення, таму мы не можам адказваць за яго дзеянні. Пакуль гэта ўсё, што можам пракаментаваць». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?