План па стварэнні безбар'ернага асяроддзя перавыкананы, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак на прэс-канферэнцыі ў Мінску 30 лістапада.

Паводле яго слоў, з 2007-га па 2014 год было запланавана стварыць безбар'ернае асяроддзе прыкладна на 10 тыс. аб'ектаў, а створана яно больш як на 18,5 тыс. аб'ектаў. 

Разам з тым намеснік міністра адзначыў, што ад грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў паступаюць пытанні аб якасці безбар'ернага асяроддзя. Паводле слоў Румака, гэта адбываецца «з-за адсутнасці адзіных патрабаванняў па ацэнцы стану даступнасці». 

«Гаспадары будынкаў, — сказаў Румак, — часам робяць пандус з крутым пад'ёмам. Чалавеку, які самастойна перамяшчаецца на інваліднай калясцы, цяжка забрацца на такі пандус. Ёсць прыклады, калі чалавек падымаецца на пляцоўку, а там на яго дзверы адчыняюцца. Гэта недапушчальна. Мы імкнемся разам з аб'яднаннямі інвалідаў адсочваць такія факты і патрабуем, каб гэта было зменена».

Стварэнне безбар'ернага асяроддзя Румак назваў вельмі важным: «Кожны чалавек незалежна ад стану здароўя мае права паўнацэнна ўдзельнічаць у жыцці грамадства, карыстацца створанымі ў ім выгодамі. Гэта і паслугі транспарту, і спартыўныя культурныя збудаванні, і гандаль. Аднак стварэнне безбар'ернага асяроддзя патрабуе шмат сродкаў». 

Румак адзначыў, што ў краіне створаная сістэма планавання і кантролю ўладкавання безбар'ернага асяроддзя на новых аб'ектах. Аднак у будынках, якія ўзведзеныя раней і не адпавядаюць патрабаванням безбар'ернага асяроддзя, тэхнічна складана забяспечыць даступнасць.

Зараз распрацоўваецца дзяржаўная праграма аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016—2020 гады і падпраграма «Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб». Дакументам прадугледжваецца комплексны падыход да стварэння безбар'ернага асяроддзя, каб на ўсім маршруце чалавека з інваліднасцю было створанае безбар'ернае асяроддзе. Размова ідзе аб паніжэнні вышыні бардзюрных камянёў, даступнасці нізкападлогавага транспарту (такія характарыстыкі маюць 35% грамадскага транспарту) і гэтак далей. 

Гэта працяглая праца, якая патрабуе каардынацыі ўсіх дзяржаўных органаў, адзначыў Румак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?