Гомельскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Рэчыцы 30 лістапада пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да двух мясцовых жыхароў, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі і забойстве 34-гадовай жанчыны.

Абвінавачаны ў арганізацыі забойства жанчыны — яе муж 1969 года нараджэння, выканаўца — брат першай жонкі замоўцы. Жанчына, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе дзіцяці (яе сыну на момант забойства было два гады), была забітая ў двары свайго дома 16 красавіка. Яна памерла ад вострай страты крыві, ахвяры было нанесена 14 удараў нажом у вобласць шыі, грудной клеткі, унутраных органаў.

Згодна з абвінавачаннем мужчына прыняў рашэнне забіць жонку ў 2014 годзе «з мэтай далейшага матэрыяльнага абагачэння і з мэтай завалодаць домам». Учыніць злачынства ён прапанаваў знаёмаму — брату яго першай жонкі. Той згадзіўся пайсці на злачынства за 5 тысяч даляраў. Разам з замоўцам быў распрацаваны план злачынства, які абвінавачаныя спрабавалі рэалізаваць 9 красавіка. «Віктар паехаў у гэты дзень ва Украіну, мне аддаў ключы ад брамкі дома. Я павінен быў пачакаць, пакуль іх дачка пойдзе ў школу, прыблізна а восьмай раніцы, і ўчыніць забойства Веранікі. Я чакаў, але дзяўчынка ў школу не пайшла, і я пайшоў дамоў», — растлумачыў на судзе выканаўца.

Паводле слоў абвінавачанага, забойства «перанеслі» на 16 красавіка. Выканаўца дачакаўся, пакуль дзяўчынка пойдзе ў школу, замоўца таксама паехаў па справах, даўшы сігнал фарамі аўтамабіля абвінавачанаму. Той зайшоў у двор, пастукаў у акно, назваўся работнікам газавай службы і папрасіў паказаць лічыльнік, які быў за домам. Там ён накінуўся на ахвяру з нажом і забіў. Каб зымітаваць абрабаванне, сарваў з шыі залаты ланцужок і з рукі — залаты бранзалет. Абвінавачаны зайшоў у дом, дзе ў гэты час было двухгадовае дзіця, і раскідаў рэчы, каб «заблытаць сляды» і імітаваць рабаванне.

Затым замоўца сустрэўся ў вёсцы Броннае з выканаўцам, перадаў тысячу даляраў і даў абяцанне астатнюю суму аддаць пазней.

Выканаўца забойства працаваў у рытуальнай службе і на другі дзень пасля забойства дастаўляў труну з целам забітай сваякам. «Што я адчуваў? Чаму я павінен штосьці адчуваць? Гэта мая праца», — адказаў абвінавачаны на пытанне пацярпелай, маці забітай.

Выканаўцу забойства выстаўленае абвінавачанне на падставе артыкулаў Крымінальнага кодэкса «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю, з карыслівых меркаванняў, паводле найму» і «Крадзеж». Віну ён прызнае часткова і не прызнае, што забіваў з асаблівай жорсткасцю. «Я, можа, і жорстка дзейнічаў, але пакуты, як зачыталі ў абвінавачанні, я ёй не хацеў прычыняць», — сказаў выканаўца. Адмаўляе ён і крадзеж, таму што, паводле яго слоў, залатыя вырабы ён не прысвоіў, а выкінуў.

Дзеянні мужа пацярпелай кваліфікаваныя следствам на падставе артыкула Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя забойства з карыслівых меркаванняў, паводле найму». Ён поўнасцю не прызнае сваю віну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?