Урад Расіі апублікаваў поўны пералік турэцкіх тавараў, імпарт якіх у Расію абмежаваны або забаронены. Сярод іх таматы, цытрусавыя і мяса птушкі. Таксама ўводзіцца забарона на чартарныя перавозкі з Турцыяй і прыпыняюцца перамовы аб эканамічным супрацоўніцтве.
flickr.com
У пастанове, падпісанай расійскім прэм'ерам Дзмітрыем Мядзведзевым і апублікаванай на сайце ўрада, паказаны цэлы спіс сельскагаспадарчай прадукцыі, якую нельга будзе ўвозіць у Расію з 1 студзеня 2016 года.
У спіс трапілі таматы, цыбуля рэпчатая і шалот, каляровая капуста і брокалі, агуркі, апельсіны, мандарыны і іншыя цытрусавыя, яблыкі, вінаград, грушы, абрыкосы, персікі і нектарыны, слівы, а таксама суніцы і клубніцы.
Таксама ўводзіцца забарона на імпарт у Расію турэцкай солі, курыцы і індычыны. Пад забарону патрапілі і свежыя гваздзікі.
Гэтыя тавары можна будзе ўвозіць у Расію толькі для асабістага ўжывання.
Акрамя таго, расейскі ўрад пастанавіў спыніць з 1 снежня 2015 года чартарныя перавозкі паміж Расіяй і Турцыяй. Выключэннем стануць спецыяльныя рэйсы, патрэбныя, каб вярнуць расійскіх турыстаў, якія знаходзяцца ў Турцыі.
Турагенцтвам забараняецца прадаваць туры ў Турцыю.
Будуць уведзеныя абмежаванні і на прыцягненне турэцкай працоўнай сілы.
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе публікацыі.