30 лістапада суд Светлагорскага раёна прыгаварыў кіраўніка аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў (ён выконваў на момант злачынства абавязкі дырэктара КСУП) да трох гадоў пазбаўлення волі.

Ён асуджаны па частцы 3 артыкула 426 КК (наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія яўна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, звязанае з насіллем). Адбываць пакаранне кіраўнік будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прыгавор не набыў законную моц і можа быць абскарджаны або апратэставаны.

Як паведаміла прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Наталля Пугачова, кіраўнік абвінавачваўся ў тым, што збіваў падначаленых. Так, у кастрычніку 2014 года да яго звярнуўся заатэхнік з просьбай падпісаць заяву аб звальненні ў парадку пераводу. Але кіраўнік раззлаваўся і збіў падначаленага. Як ён потым растлумачыў, у выхаваўчых мэтах.

У сакавіку 2015 года кіраўніку паступіла інфармацыя, што нібыта трактарыст зліў дызельнае паліва. На момант сустрэчы з трактарыстам, паводле слоў абвінавачванага, падначалены знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Каб правучыць трактарыста, кіраўнік ударыў яго па твары.

Пацярпелыя грамадзянскіх іскаў аб кампенсацыі матэрыяльнага ці маральнага ўрону не падавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?