Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) вымушаная прыняць дадатковыя ахоўныя меры па ўзмацненні каранціннага фітасанітарнага кантролю падкаранціннай прадукцыі, што паступае ў Расію цераз Беларусь. Інфармацыю пра гэта Рассельгаснагляд размясціў на сваім сайце. 

Як растлумачылі ў прэс-службе расійскага ведамства, Расія не прапусціць з Беларусі ўсю сумнеўную прадукцыю. «Усе, што выклікае ў нас сумненне, не будзе дапушчанае на тэрыторыю Расіі», — сказала прэс-сакратар Рассельгаснагляда Юлія Мелана. 

Як гаворыцца ў паведамленні ведамства, «беларускі бок праінфармаваны аб тым, што падкаранцінная прадукцыя, якая суправаджаецца фітасанітарнымі сертыфікатамі, што выклікаюць сумненне ў сапраўднасці, а таксама па марфалагічных і сезонных прыкметах не адпавядае краіне паходжання, не падлягае да ўвозу ў Расійскую Федэрацыю». 

У расійскім ведамстве заяўляюць, што ў Расію з Беларусі па падробленых фітасанітарных сертыфікатах усё часцей паступае прадукцыя, якая трапляе пад харчовае эмбарга. 

«Калі мы будзем браць нядобрасумленных пастаўшчыкоў з Еўрасаюза, то яны бяруць сваю прадукцыю, да прыкладу яблыкі, штампуюць дзесьці падпольна на іх сертыфікаты і кажуць аб тым, што гэта да вас яблыкі паступаюць з тэрыторыі Лацінскай Амерыкі. Прычым у іх там яшчэ не пачаўся сезон. Далей гэтая партыя накіроўваецца на тэрыторыю Беларусі, дзе правяраюцца дакументы. І замест таго каб прытармазіць гэты груз і задаць пытанне пастаўшчыку, яны проста прапускаюць яго на тэрыторыю Расіі. Вось такім чынам у асноўным працуе гэты механізм», — растлумачыла Мелана. 

Для прадухілення такіх сітуацый расійскае ведамства, паведамляе сайт Рассельгаснагляда, неаднаразова прапаноўвала беларускаму боку садзейнічаць у аўтарызацыі фітасанітарных сертыфікатаў і рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў, якія «выклікаюць сумненні ў сапраўднасці», на прадукцыю, што паступае ў Расію цераз Беларусь. Акрамя таго, Рассельгаснагляд прапаноўваў камандзіраваць расійскіх і беларускіх спецыялістаў у трэція краіны для пацвярджэння дакладнасці і актуальнасці звестак аб падкаранціннай прадукцыі, якая экспартуецца. 

«Але адэкватнай рэакцыі з беларускага боку не паступае, таму зараз на нашых часовых пастах, якія працуюць на мяжы з Беларуссю, хутчэй за ўсё, будзем прымаць самыя жорсткія меры. Гэта значыць будзем паварочваць машыны з прадуктамі назад на тэрыторыю Беларусі», — растлумачыла прэс-сакратар Рассельгаснагляда. 

Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі пакуль не атрымлівала афіцыйных паведамленняў Рассельгаснагляда наконт гэтага. «Афіцыйна пакуль нічога не было. Сёння міністр сельскай гаспадаркі і намеснік дырэктара нашай інспекцыі знаходзяцца з візітам у Расіі. Давайце пачакаем іх вяртання», — сказалі ў ведамстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?