Лясгасы Беларусі гатовыя прадаць да Новага года амаль 269 тысяч ёлак, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі. 

Паводле інфармацыі прэс-службы, летась было рэалізавана прыкладна 143 тыс. навагодніх дрэў. 

Ёлачныя кірмашы пачнуць працаваць 21 снежня ў Мінску, ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах. Плануецца, што лясгасамі сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам будзе арганізавана каля 700 гандлёвых пунктаў па рэалізацыі навагодніх дрэў. Таксама кожны ахвотны зможа набыць ёлку непасрэдна ў лясніцтве. 

Што да цаны, то ў сярэднім дрэва вышынёй да 3 метраў абыдзецца ў 120 тыс. пры куплі ў гандлёвым пункце і каля 90 тыс. — у лясніцтве. 

У ведамстве нагадалі, што ў адпаведнасці з правіламі нарыхтоўкі другасных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання лясгасы нарыхтоўваюць навагоднія дрэвы хвойных парод у межах выдзеленых участкаў ляснога фонду, а менавіта: на спецыяльна створаных плантацыях навагодніх дрэў хвойных парод; пры правядзенні высякання ў лясах з колькасці дрэў, што высякаюцца ў адпаведнасці з лесаводчымі патрабаваннямі; у парадку расчысткі трас, прасек, палос адводу, ліній электраперадачы, на лесасеках галоўнага карыстання і суцэльнага санітарнага высякання, калі на гэтых лесасеках падрост не падлягае захаванню. 

Памеры і якасць навагодніх дрэў хвойных парод павінны адпавядаць устаноўленым для іх патрабаванням тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, адзначылі ў прэс-службе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?