З сайта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выдаленая інфармацыя, звязаная з выступленнямі студэнтаў супраць увядзення платнай пераздачы залікаў і экзаменаў і за права браць удзел у прыняцці рашэнняў у ВНУ.

Цяпер ні на галоўнай старонцы, ні ў архіве навінаў няма звароту рэктара ад 24 лістапада да студэнтаў, у якім ён зазначае, што студэнты і супрацоўнікі БДУ абураныя спробамі перавесці абмеркаванне пытання аб увядзенні платы за пераздачу залікаў і экзаменаў з выключна адукацыйнай і прававой у палітычную плоскасць.

Няма на сайце БДУ і інфармацыі аб запланаванай на 2 снежня сустрэчы рэктара са студэнтамі, а таксама аб яе адмене.

Нагадаем, 1 снежня афіцыйны сайт БДУ паведаміў, што сустрэча рэктара Сяргея Абламейкі са студэнтамі ВНУ адбудзецца 2 снежня прыкладна ў той жа час, калі актывісты руху «Студэнты супраць» меркавалі правесці марш студэнтаў у Мінску.

2 снежня з'явілася паведамленне, што сустрэча Абламейкі са студэнтамі перанесеная на няпэўны тэрмін. «У сувязі з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў і распаўсюджваннем інфармацыі аб магчымых правакацыях, у мэтах бяспекі студэнтаў БДУ сустрэча рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі са студэнтамі пераносіцца», — гаварылася на сайце ВНУ.

Адказваючы на пытанне, чаму з сайта БДУ выдаленая вышэйпералічаная інфармацыя, начальнік прэс-службы ВНУ Алена Марцулевіч паведаміла, што гэтыя навіны страцілі актуальнасць.

«У нас ёсць іншыя навіны. Мы заўсёды пры з'яўленні больш цікавай навіны мяняем паведамленні на галоўных навінах», — сказала яна. Адказваючы на пытанне, чаму менавіта гэтая інфармацыя выдаленая з архіва, а іншая за тыя ж даты захаваная, Марцулевіч сказала, што «яна не выдаленая, проста не бачная на сайце».

Нагадаем, днём 2 снежня ў раёне сталічнай плошчы Незалежнасці прайшоў марш «Любоў і справядлівасць», арганізаваны рухам «Студэнты супраць». Сваёй акцыяй студэнты хацелі дамагчыся ад кіраўніцтва БДУ «адмены платных пераздач і адпрацовак», «спынення націску на студэнтаў», «роспуску Асамблеі БДУ і стварэння новага органа студэнцкага самакіравання».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?