На першай паласе амерыканскага выдання New York Times упершыню за 95 гадоў з'явіўся рэдакцыйны артыкул. У ім гаворыцца пра неабходнасць абмежаваць продаж зброі ў ЗША пасля стральбы ў Каліфорніі.

Аўтары артыкула »Скончыць са зброевай эпідэміяй ў Амерыцы» (End the Gun Epidemic in America) абвінавачваюць амерыканскіх палітыкаў у тым, што яны нажываюцца на продажы зброі, замест таго каб забяспечваць бяспеку грамадзян.

«Той факт, што грамадзяне могуць легальна купляць зброю, прызначаную для хуткага і эфектыўнага забойства людзей, — гэта маральнае злачынства і нацыянальная ганьба», — гаворыцца ў артыкуле.

Як адзначаюць аўтары NYT, калі ў Францыі, Брытаніі і Нарвегіі ўлады робяць спробы абмежаваць абарот зброі, то кіраўніцтва ЗША толькі заахвочвае развіццё зброевага рынку.

Каб пазбегнуць далейшых выпадкаў стральбы ў грамадскіх месцах, аўтары артыкула прапануюць забараніць продаж некаторых відаў стралковай зброі, напрыклад, баявых вінтовак, якія былі выкарыстаныя падчас нападу ў каліфарнійскім горадзе Сан-Бернардына.

У апошні раз New York Times ставіла рэдакцыйны матэрыял на першую паласу ў 1920 годзе. У артыкуле змяшчалася крытыка ў адрас кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад рэспубліканскай партыі Уорэна Дж. Хардынга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?