Сьвятлана Алексіевіч прыляцела ў Стакгольм у бізнэс-клясе авіякампаніі Белавія. Адным рэйсам са Сьвятланай у швэдзкую сталіцу выправілася сямейная пара — культуроляг Юлія Чарняўская і заснавальнік tut. by Юры Зісер. Яны запрошаныя ляўрэаткай да ўдзелу ў падзеях Нобелеўскага тыдня. Супрацоўнікі аэрапорта суправадзілі Сьвятлану ў залю чаканьня бізнэс-клясы, а да борта даставілі яе на асобным аўтамабілі.

Капітан самалёта павіншаваў пісьменьніцу з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі. На фоне ігнараваньня перамогі афіцыйнымі ўладамі і адмовай тэлеканалаў трансьляваць цырымонію ўзнагароджаньня, такія ўчынкі выклікаюць зьдзіўленьне і павагу. У самалёце Сьвятлана атрымала запіску зь віншаваньнямі ад дзьвюх швэдак, якія ўжо 16 гадоў дапамагаюць беларускім рэгіёнам, што пацярпелі ад Чарнобылю. «Цяпер усе ў Швэцыі гавораць пра Беларусь», — кажуць гэтыя жанчыны.

Сьвятлана нікому не адмаўляе ў гутарцы, аднак кажа, што такая публічнасьць даецца ёй цяжка. Сама яна трымаецца вельмі бадзёра і рашуча, хоць раней і скардзілася на праблемы са здароўем. «А хто мяне з Лукашэнкам параўноўваў?» — найперш рэагуе Сьвятлана на маю просьбу адказаць на нашы пытаньні, згадваючы мой артыкул напісаны пры канцы 90-х. Я параўноўвала, але цяпер час іншых пытаньняў.

— Ваш цыкль пра «ўтопію» завершаны, але ці скончаная гісторыя «чырвонага чалавека»?

—Гісторыя «чырвонага чалавека» яшчэ будзе доўгая і без крыві не абыдзецца. І ва Ўкраіне і ў нас. Я сваю працу скончыла. Усё, што я магла сказаць пра гэтага чалавека, я ўжо сказала. У мяне была свая ідэя, на гэтым матэрыяле можна было напісаць сотні кніг, сотні «салжаніцыных» маглі б працаваць. Я прайшла свой шлях.

— І хто ідзе яму на зьмену? Ці вы бачыце ўжо новага чалавека, годнага дасьледаваньня?

— Прыйдзе проста чалавек, як ва ўсім сьвеце. А калі гэта будзе — гэта вялікае пытаньне. Мы трапілі ў прамежкавы час. Адчуваньне, што гэта будзе доўга і цяжка. Што тычыцца Беларусі, то тут увогуле час спынены. Чалавек паставіў плаціну, грамадзтва ня рухаецца, а калі й разьвіваецца, то насуперак. Канечне, «эфэкт травы» ёсьць, нешта адбываецца і з моладзьдзю, і з грамадзтвам. Нешта робіцца, нешта будуецца, але ўсё гэта шалёна павольна. Злачынна павольна. А самае галоўнае, што зь людзьмі нічога не адбываецца, іх нібы закансэрвавалі. Ім не даюць свабоды, не даюць магчымасьцяў разьвівацца. Можаце ўявіць, калі б нашае грамадзтва прыйшло ў рух? Колькі ўсяго было б цікавага, як бы мы маглі рвануць. Гэтага не адбываецца 20 гадоў. А што такое сёньня згубіць 20 гадоў? Калі распаўся Саюз, у Беларусі былі такія шанцы! Цяпер гэтых шанцаў ужо няма.

— Вы казалі, што вы чалавек беларускага сьвету і расейскай культуры. А якія ў вас дачыненьні зь беларускай культурай?

— Мой бацька беларус, мой дзед беларус, мой прадзед вучыўся разам з Якубам Коласам і быў сельскім настаўнікам, вельмі рана памёр. Я вырасла ў беларускай вёсцы. Вельмі люблю старых беларускіх жанчын, бо бачыла, якое ў іх было жыцьцё, як яны працуюць, як яны сьпяваюць. Слухала, як яны распавядаюць, краявіды — усё гэта літаральна на фізіялягічным узроўні ўсмактана. Дзяцінства — гэта, канечне, Украіна, я выхаваная ўкраінскай бабуляй. Але выхаваная я, канечне, расейскай культурай. Без Дастаўескага ці Чэхава я сябе не ўяўляю. Я адтуль.

— Вы згадалі, што я параўновала вас з Лукашэнкам, але так і атрымалася, што калі раней Беларусь у сьвеце ведалі толькі праз Лукашэнку, то ўжо цяпер яе найперш будуць ведаць праз Сьвятлану Алексіевіч, як вам у такім статусе?

— Я яшчэ не абжыла гэты стан, яшчэ пра гэта ня думала. Гэта фізычна вельмі цяжка. Вось гэтая пастаянная публічнасьць.

— Якой была б краіна, калі б вы былі прэзыдэнтам?

— Ва ўсялякім разе я б пастаралася, каб грамадзтва прыйшло ў рух. Ёсьць жа прыклад Сынгапуру, калі прыйшоў адзін чалавек, асоба. І першае што ён зрабіў — адукацыя, ён даў магчымасьць вучыцца. Ён змог саўладаць з карупцыяй. Праз 20 гадоў Сынгапур ужо не пазнаць. Гэта не «балота з камарамі», як было да таго. Я лічу, што трэба, каб грамадзтва прыйшло ў рух. Разумных людзей і таленавітых у нас хапае.

Галоўнае, што мяне найбольш засмучае, гэта тое, што ў вёсцы, дый ня толькі ў вёсцы, але і ў горадзе бедныя людзі ня могуць вучыць сваіх дзяцей. Гэта самае вялікае злачынства, якое робіць улада. Самае вялікае! І сельскія бібліятэкі, якія зьніклі. Урэшце ня ў кожнай вёсцы ёсьць інтэрнэт, вельмі мала ў каго ён ёсьць.

Вось наш патэнцыял — гэта новае маладое пакаленьне, якому трэба даць магчымасьць. Колькі я ежджу па вёсках, я бачу, як бацькі сёньня пакутуюць ад таго, што ня могуць вучыць сваіх дзяцей. А ўсе гэтыя патасныя рэчы — езьдзіць то на дрэвакамбінат, то на Салігорскі камбінат — гэта ня справа прэзыдэнта. Прэзыдэнт мусіць стратэгічна думаць.

— Вы сталі ледзь не «афіцыйным» ворагам аўтарытарных лідэраў на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы, чаму ў вас няма страху? Вы не баіцеся?

— У нас усяго можна чакаць. Калісьці я размаўляла зь Беразоўскім, і ён сказаў: «Расейскі капіталізм малады, злы і бязьлітасны». Гэта сапраўды так. Гэта напэўна ўваходзіць у рызыку, у нашу прафэсію. Трэба быць сумленным. Я нічога не кажу такога, што прыніжае гэтых людзей. Я проста спрачаюся, кажу, як я гэта бачу. Нам усім трэба не «великая Россия» і «вялікая Беларусь», а нармальная Беларусь і нармальная Расея. Нармальная краіна, дзе людзі з годнасьцю і спакойна жывуць. Хаця варта прызнаць і тое, што я прыехала праз 10 гадоў, і не пазнала Беларусі. Калі едзеш па Беларусі, то вельмі зьмянілася вёска. Беларускі капіталізм не расквітнеў нахабным цьветам. Гэта трэба паставіць у заслугу Лукашэнку.

А я кажу, як я бачу. Са мной можна спрачацца.

— Ці тлумачыцца ваша сьмеласьць тым, што вы жанчына?

— Не, вельмі шмат сьмелых людзей, якія кажуць сьмелыя рэчы. І ў нашай апазыцыі, якая разрозьненая і ўсё ня можа знайсьці аднаго лідэра, дастаткова моцных мужчын і жанчын у тым ліку. Мне вельмі падабаецца Караткевіч. Моцная жанчына. Як хутка яна абагнала нашых старых апазыцыйных лідэраў. Гэта сапраўды новая моцная фігура.

— Тое, што Лукашэнка 20 гадоў знаходзіцца пры ўладзе, гэта віна апазыцыі ці бяда?

— Апазыцыя аніяк на гэта не ўплывае. Справа ў нашым народзе і яго гісторыі. У гэтым страху, які цягнецца на працягу стагодзьдзяў. Думаю, перакладаць усю віну на апазыцыю было б несумленна. Кожны з нас у гэтым вінаваты. Уся эліта. Чаму толькі апазыцыя мусіць несьці адказнасьць за тое, што з намі адбываецца? Гэта было б несправядліва.

— Вы распавядалі пра вашага аднавяскоўца Пятра Селіверставіча, які вельмі любіць Лукашэнку і перакананы, што той выяўляе яго памкненьні. Дык, можа, сапраўды Лукашэнка — народны прэзыдэнт?

— Гэта праўда. Ён (Лукашэнка. — РС) абсалютна крыштальна адлюстроўвае ўзровень нашага народу. Іншая справа, што нам усё ж патрэбны Вацлаў Гавэл. Чалавек, які ішоў бы наперадзе. Нельга ісьці на повадзе ў масавай сьвядомасьці. У нас ёсьць моцныя людзі. Трэба даць шанец грамадзтву прыйсьці ў рух, загаварыць, выбіраць. Тады і зьявіцца гэты чалавек. Яго нельга прызначыць.

Але я ўпэўненая, што калі б былі сумленныя і свабодныя выбары, калі б быў не ручны, а сапраўдны парлямэнт, мы б пабачылі абсалютна новых людзей — цікавых, моцных. Гэта без сумненьняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?