Жыхар Баранавічаў Віталь звярнуўся ў рэдакцыю Intex-press з просьбай дапамагчы ў пошуку зніклай машыны. Ён распавёў, што ў канцы кастрычніка аддаў свой «Мэрсэдэс» майстру ў рамонт у гаражным масіве ў Паўночным мікрараёне.

— Я павінен быў забраць аўто ў пачатку лістапада, сувязь з рамонтнікам пастаянна падтрымліваў. Ён патэлефанаваў мне 9 лістапада і сказаў, што заедзе па мяне і мы паедзем па машыну, — распавёў Віталь. — Але пасля абеду яго тэлефон ужо быў недаступны. Я пачакаў пару дзён — ні слыху ні духу.

Малады чалавек напісаў заяву ў ГАУС і паведаміў, што майстар не аддае яму аўтамабіль пасля рамонту. Аказалася, што заява на гэтага рамонтніка не першая.

— Мне сказалі, што гэты майстар змешчаны ў СІЗА 9 лістапада. Кажа, што паставіў машыну ў гараж аднаго на вул. Фестывальнай, але дакладна не памятае ні нумара тэлефона, ні гаража, — распавёў Віталь.

У прэс-службе Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці пацвердзілі выпадак і распавялі, што рамонтнік сапраўды знаходзіцца ў СІЗА, але па іншай крымінальнай справе.

Зніклы аўтамабіль — чорны «Мэрсэдэс С 320» 2002 г.в. з аўтаматычнай каробкай перадач. Нумар 6987 IT-1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0