Сусветная гандлёвая арганізацыя дала права Канадзе і Мексіцы накласці гандлёвыя санкцыі на ЗША на суму 1 млрд даляраў у год.

Канада можа павялічыць тарыфы на імпарт амерыканскай прадукцыі ў агульнай колькасці на 780 млн даляраў, а Мексіка — на 228 млн даляраў.

Першапачаткова краіны патрабавалі кампенсацыі ў тры разы больш па аб'ёме.

Гандлёвая спрэчка паміж трыма краінамі пачалася ў 2009 годзе, калі ЗША запатрабавалі, каб крамы выкарыстоўвалі спецыяльныя этыкеткі для ўпаковак з мясам з указаннем, дзе жывёла была народжаная, дзе вырошчвалася і дзе была забітая. Гэта павінна было павысіць дасведчанасць пакупнікоў аб паходжанні прадуктаў харчавання.

Аднак Канада і Мексіка былі незадаволеныя гэтым рашэннем, паколькі ў выніку ў ЗША сталі менш выкарыстоўваць жывёл, вырашчаных у іншых краінах. У выніку даходы канадскіх і мексіканскіх фермераў упалі.

У ЗША рашэннем СГА незадаволеныя. Ва ўпраўленні гандлёвага прадстаўніка ЗША заявілі, што гэта пагражае свабоднаму гандлю ў Паўночнай Амерыцы, а ўвядзенне пошлін неспрыяльна адаб'ецца на эканоміках усіх трох краін.

Амерыканскія чыноўнікі заклікаюць Сенат адмяніць закон аб абавязковым указанні паходжання тавараў.

Увядзенне закона аб абавязковым указанні паходжання тавараў падтрымалі амерыканскія фермеры, якія канкуруюць з канадцамі і мексіканцамі. Крамы і кампаніі, якія займаюцца пакаваннем прадуктаў, былі супраць з-за павелічэння папяровай працы.

Пакуль не ясна, на якія амерыканскія прадукты Канада і Мексіка могуць накласці санкцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?