Грамадства3434

Мікалай Статкевіч: «Змаганне ідзе не з Лукашэнкам, а з Крамлём»

За чатыры месяцы на волі былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты зладзіў 6 акцый, атрымаўшы штрафаў больш чым на $2 тысячы. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» ён распавёў, чаму ён лічыць важным выводзіць людзей на вуліцу.

Фота Сяргея Гудзіліна

«Наша Ніва»: Вы апошнія месяцы ходзіце на пікеты як на работу. А ці ёсць практычны сэнс у гэтых акцыях?

Мікалай Статкевіч: У беларусаў не засталося іншага інструмента ўздзеяння на ўладу і сітуацыю, акрамя публічнай масавай актыўнасці. Выбары ж — гэта ўжо нават не проста тэатр, а тэатр кабукі, дзе кожны рух вывераны і прапісаны. За 5 папярэдніх гадоў у цэнтры Мінска не было ніводнай публічнай акцыі дэмсілаў. Гэта былі палітычныя могілкі.

«НН»: А чаму так было?

МС: Стомленасць людзей, стомленасць кіраўнікоў дэмакратычных арганізацый. Людзі ж найперш пазбягаюць болю, непрыемнага. І калі адказам на акцыі з’яўляюцца рэпрэсіі, то доўга гэта вытрымліваць здольныя нямногія. А гэтыя нямногія былі ў зняволенні. Пасадзілі некалькіх, іншыя здалі гэтую прастору свабоды. Астатнія проста пачалі пазбягаць болю і шукаць сабе зручную форму дзейнасці: у інтэрнэце і цёплых памяшканнях.

Другі момант — стан грамадства. Калі палохаюцца лідары, то грамадства палохаецца ў кубе. А за прастору свабоды ўвесь час трэба змагацца. Я памятаю вулічную вайну за незалежнасць у другой палове 90-х, колькі даводзілася сядзець за магчымасць праводзіць акцыі ў цэнтры горада. Адседзеў 2 гады хіміі, выйшаў — далі нам Бангалор. Цяпер ужо тая плошча Бангалор лічыцца за шчасце.

Таму першая задача — адваяваць гэтую прастору свабоды. Можна ствараць кааліцыі, будаваць планы, але ж як іх рэалізоўваць? Таму я пачаў выводзіць людзей. Выбары — зручны момант праводзіць акцыі з найменшымі стратамі. Затым санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі прыпынілі, што таксама дало «акно магчымасцяў», пакуль дазваляла надвор’е. Цяпер сезон акцый будзе спынены. Вясной будзем глядзець па сітуацыі.

«НН»: Зімой нічога не будзе?

МС: Можа быць, зладзім штосьці разам з прадпрымальнікамі, але гэта варта рабіць, толькі калі яны самі будуць гатовыя. Ідэя не мая, але добрая — ёсць ў Адміністрацыі прэзідэнта аддзел па прыёме грамадзянаў. І хай прадпрымальнікі напішуць звароты ці заявы і ў адзін і той жа час прынясуць іх туды. Калі іх не прымуць там чыноўнікі, то я магу падысці. Але пакуль што я не бачу гатоўнасці з боку саміх прадпрымальнікаў да ўдзелу ў гэтым.

«НН»: Але ж ці адбываецца тое пашырэнне прасторы свабоды, калі на акцыі выходзіць менш за тысячу чалавек?

МС: Але адбываецца змяншэнне страху. Людзі пачынаюць успамінаць, што права на пратэст — нешта натуральнае. Тым больш здарыцца могуць драматычныя падзеі, тады вырашаць будуць людзі на вуліцы. Каб не аказалася так, што гатовыя да гэтага будуць толькі прыхільнікі «рускага свету».

Акцыя студэнтаў — гэта ў пэўнай ступені і мая заслуга. Калі б не было маіх акцый, не было б і гэтай.

«НН»: Ці магчымыя мірныя перамены, пра якія ўвесь час казала Таццяна Караткевіч?

МС: Я хачу, каб усе жылі багатыя і здаровыя па 120 гадоў. Але не маю плана, як гэтага дасягнуць. Тое ж тычыцца і мірных пераменаў — такога плана проста не існуе, нават у Караткевіч.

«НН»: А як Вы ўвогуле да яе ставіцеся?

МС: Яна залежная фігура ад Дзмітрыева, да якога я стаўлюся вельмі негатыўна. Бо бывае так, што чалавека зламалі, як яго. Узгадайце яго выступ па ТБ у 2010 годзе, ён публічна здрадзіў свайму кандыдату і камандзе, да такой гнюснасці не апусціўся нават Раманчук. Але ж калі цябе зламалі, ты зрабіў подласць, то не лезь у людзі, якія прымаюць рашэнні, — цябе зламаюць ізноў.

Так, у нас прынята лічыць сваіх апанентаў агентамі, гэта частка нашай палітычнай культуры. І сапраўдныя спецслужбы гэтым актыўна карыстаюцца. Ёсць такі ўкраінскі жарт, што твой палітычны апанент — гэта яўрэй-гомасэксуаліст, які крадзе грошы і працуе на спецслужбы (смяецца). Але ж я лічу, што любы чалавек сумленны, пакуль не даказана адваротнае. У выпадку Дзмітрыева — ён сам даказаў.

«НН»: А чаму Вы не выйшлі на імправізаванае шэсце пасля выбараў?

МС: Калі кандыдат не кліча людзей, то гэта проста акцыя годнасці. Мы сваю акцыю годнасці правялі 10-га. Дзень выбараў мы ігнаравалі прынцыпова, бо іх проста няма.

«НН»: То бок, былі б Вы кандыдатам — паклікалі б?

МС: Канечне, гэта маральны абавязак. Інакш які сэнс у кандыдацтве? Ціха ўдзельнічаць у такіх выбарах — толькі шкодзіць дэмакратыі.

«НН»: Вы казалі, што калі ўлада не зменіць закон перад парламенцкімі выбарамі, то будзеце рыхтаваць Плошчу. Але ж ісці туды навошта?

МС: Калі нацыя не пратэстуе — яна згодная. Калі нацыя не змагаецца — яна памірае. Неабходна захоўваць самапавагу, маральныя каардынаты ў грамадстве, ідэалы. Трэба выходзіць, паказваць уладзе, самім сабе і ўсяму свету, што хапае людзей, якія не хочуць быць скатамі.

«НН»: Але ці ўлада і так гэтага не ведае?

МС: Калі нехта называе сябе дэмакратычным лідарам, то не яго справа лічыць шанец, ён павінен рабіць справы. Да таго ж мы не ведаем дакладнай колькасці нязгодных.

«НН»: Тая ж Караткевіч казала, што не кліча людзей на Плошчу, бо не можа гарантаваць ім бяспеку.

МС: Я лічу такія словы таннай «адмазкай». Аніякая барацьба не гарантуе ўдзельнікам бяспеку. Таму ці ты змагаешся так, як можаш, ці ты імітуеш барацьбу. А апошняе — вельмі выгадна для Лукашэнкі. Гэта значыць, што ён будзе назаўсёды.

Увогуле, сёння ствараецца вельмі зручная для Лукашэнкі апазіцыя. І яна блізкая да поспеху, бо астатнія апазіцыянеры ці зламаныя, ці дапусцілі амаральны ўчынак — нельга садзіцца за стол з людзьмі, якія здрадзілі, нельга мець з імі справы. А яны пусцілі за свой стол спадара Дзмітрыева, які зноў палез у палітыку. Лепш ён ішоў бы займацца абаронай правоў жывёлаў ці, напрыклад, бізнэс нейкі адкрыў. На турэмным слэнгу такіх людзей, якія дапускаюць амаральныя ўчынкі, здраджваюць, называюць «нечысць». І лічыцца, што калі ты сеў за стол з «нечысцю», то ты і сам такая ж «нечысць». І я ўсё жыццё, не ведаючы яшчэ гэтага, таксама так лічыў.

«НН»: А навошта гучала Вашая прапанова аб правядзенні круглага стала паміж дэмсіламі і Лукашэнкам? Вы ўсур’ёз разлічвалі на дыялог? Ці гэта быў проста прыгожы жэст?

МС: Вось вы самі і адказалі на сваё пытанне. Па-першае, заява была прысвечана парламенцкім выбарам. І ў якасці «ўпрыгожвання» Лябедзька прапанаваў уключыць гэтую ініцыятыву. Мы з Някляевым не сталі спрачацца. Дзеля нашага адзінства дапусцілі гэты дэкаратыўны элемент. Для Лябедзькі гэта важна — ну, хай будзе.

Па-другое, размаўляюць толькі з моцнымі. Лукашэнка пагодзіцца гаварыць з намі, калі яго ўжо позна будзе ратаваць. Але каб паказаць свету, што яго лібералізацыя — гэта толькі гульня, мы і прапанавалі той круглы стол.

«НН»: Вы назвалі апазіцыю «зламанай». Дык чаму ж яе зламалі?

МС: Гэта было непазбежна, беларуская апазіцыя не ў стане перамагчы Крэмль.

«НН»: Вы лічыце, што змаганне ідзе з Крамлём?

МС: А з кім? Забярыце ў Лукашэнкі расійскія грошы — і што застанецца? Хай даруюць нам украінскія сябры, але наш шанец у тым, што Расіі будзе не да нас.

«НН»: Дык а як тады Беларусь можа вярнуцца ў сям’ю свабодных еўрапейскіх народаў?

МС: Можа быць шанец, калі ў Расіі скончацца грошы на падтрымку, і актыўная меншасць можа скарыстацца тым, што большасць народу будзе незадаволеная. Тут ёсць небяспека для дзяржаўнасці, таму трэба дзейнічаць толькі тады, калі будзе ўпэўненасць, што Расія занятая сваімі вайнушкамі і ёй не да нас.

«НН»: Шанец на што? На выбары?

МС: На выбары пры гэтай ўладзе надзеі няма.

«НН»: Тады на што?

МС: Змена ўлады праз масавыя вулічныя акцыі. Гэта адзіны інструмент у паняволеных народаў. Але я б не назваў гэта сілавым варыянтам.

«НН»: Дык а навошта тады Вашым кандыдатам удзельнічаць у парламенцкіх выбарах, калі на выбары надзеі няма?

МС: Трэба, каб нашыя людзі расказвалі пра альтэрнатыву. Бо адзіная альтэрнатыва — еўрапейская платформа. У Беларусі толькі два шляхі: ці туды, ці сюды — ці Расія, ці Еўропа. Таксама трэба паказаць, што выбараў няма. Плошчу можна ладзіць не ў дзень выбараў, а на наступны дзень, калі ўсе зразумеюць, што ўсё прайшло як заўсёды. Адзінае апраўданне ўдзелу ў выбарах — Плошча. Інакш мы будзем проста выглядаць дурнямі.

«НН»: А Вы гатовыя да новага тэрміну зняволення? Пры такой рашучасці гэты вынік вельмі імаверны, а Вы немалады ўсё ж чалавек.

МС: Я гатовы рабіць тое, што трэба рабіць. Што будзе, тое і будзе. Я гатовы да ўсяго. Калі я ладзіў галадоўку, я прыняў думку, што магу сысці з гэтага свету. Чым пасля гэтага мяне можна напалохаць?

Каментары34

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу12

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай, слуцкія паясы і сані Напалеона14

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак3

Стане яшчэ халадней. Але дзякуй, што пакуль без снегу2

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе24

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу12

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →