У 2016 годзе ў Мінску плануецца закупіць 270 новых аўтобусаў і 30 тралейбусаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 9 снежня дырэктар дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў. 

Паводле яго слоў, пытанне абнаўлення транспарту стаіць востра, паколькі да 2019 года амаль увесь рухомы састаў падлягае спісанню. Аўтобусы і тралейбусы служаць 10 гадоў пры прабегу 550 тыс. км, трамваі — 15 гадоў. «Вы памяталі гады, калі масава абнаўляўся транспарт, за тры гады мы поўнасцю абнавілі трамваі. Да 2019 года трэба будзе закупіць каля адной тысячы аўтобусаў і прыкладна 500-600 тралейбусаў», — паведаміў дырэктар упраўлення. 

«Задача 2015 года была мінімальная з улікам выдзеленых сродкаў. У 2016 годзе мы плануем закупіць 270 аўтобусаў і 30 тралейбусаў. Чакаем падпісання інвестыцыйнай праграмы на наступны год, там на гэта будуць закладзеныя сродкі», — сказаў Шкуратаў. 

Ён таксама адзначыў праблему, звязаную з затрымкай руху транспарту ў выніку ДТЗ на шляху яго руху. «Мы дасягнулі разумення з ДАІ, і іх рэгламенты прадугледжваюць прыбыццё інспектараў на разбор ДТЗ на працягу 15 хвілін. Але бываюць выпадкі, калі ДТЗ здараюцца масава ў розных раёнах, і часам інспектары прыязджаюць пазней», — адзначыў Шкуратаў. Што датычыцца аўтобусаў, то «праблем няма — яны аб'язджаюць месца аварыі». «З тралейбусамі праблема ёсць, таму што мы купляем такі транспарт, які не можа аб'ехаць закрытую паласу. Таму задача на наступны год — купіць 30 тралейбусаў, якія могуць хадзіць аўтаномна ад 500 метраў да кіламетра. Тралейбус павінен мець магчымасць хоць бы аб'ехаць праблемны ўчастак», — сказаў чыноўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?