Рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», паводле інфармацыі БелаПАН, падпішуць падчас свайго візіту ў Брусель 9—11 снежня, пагадненне аб стварэнні правацэнтрысцкай кааліцыі. 

Візіт у Брусель першага намесніка старшыні «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, старшыні АГП Анатоля Лябедзькі і сустаршыні аргкамітэта БХД Віталя Рымашэўскага праходзіць па запрашэнні Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). 

Як раней паведамлялася, прадстаўнікі гэтых трох арганізацый, а таксама Партыі БНФ падчас візіту ў Брусель 17—19 лістапада падпісалі дэкларацыю аб стварэнні правацэнтрысцкага блока. Візіт таксама праходзіў па запрашэнні ЕНП. 

Мяркуецца, што новая кааліцыя будзе сумесна ўдзельнічаць у дзвюх бліжэйшых выбарчых кампаніях шляхам стварэння адзінага спіса кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на парламенцкіх выбарах 2016 года і вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. 

Пры гэтым прадстаўнікі названых структур не пацвердзілі факт падпісання дэкларацыі, але і не адмаўлялі, што правацэнтрысцкія арганізацыі абмяркоўваюць планы сумеснай дзейнасці. 

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што таксама атрымліваў запрашэнне ўзяць удзел у візіце ў Брусель 9—11 снежня. «Там плануецца, паводле нашай інфармацыі, абмеркаванне гэтага пытання (стварэнне кааліцыі) Я дапускаю, што калі б ва ўсіх удзельнікаў была адзіная пазіцыя, стварэнне ўжо магло адбыцца. І я не выключаю, што яно можа адбыцца ў фармаце трох арганізацый», — сказаў ён. 

Адмову ад свайго візіту ў Брусель Янукевіч аргументаваў рашэннем пашыранага пасяджэння палітычнай камісіі партыі з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных структур, якое адбылося 8 снежня. «Мы абмеркавалі пытанне стварэння кааліцыі чатырох арганізацый. Было прынятае рашэнне рэкамендаваць сойму, пасяджэнне якога адбудзецца 12 снежня, не ўваходзіць у гэтую і любыя іншыя кааліцыі ці спісы кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 2016 года. Таксама ёсць рэкамендацыя палітычнай камісіі, каб на выбарах-2016 Партыя БНФ удзельнічала са сваім спісам кандыдатаў і пасланнем, каб распаўсюджваць у грамадстве нашы ідэі і каштоўнасці», — паведаміў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?