Сёлета мінае акурат 180 гадоў з таго часу, калі цывілізаваная «старая» Еўропа даведалася пра існаванне такой з'явы, як фальклор і літаратура карэльскага і фінскага народаў. Адбылося гэта дзякуючы падзвіжніцкаму чыну шведа з паходжання Эліяса Лёнрута, які прысвяціў збіранню і апрацоўцы песень-рунаў будучага эпасу, «Калевалы», усё сваё жыццё. Сціплы вясковы лекар на працягу многіх гадоў выбіраўся ўглыб Карэліі, каб запісваць эпічныя народныя спевы пра дзівосныя прыгоды міфічных істот і звычайных людзей, што насялялі карэльскую зямлю. У 1835 годзе Лёнрут выдаў апрацаваныя і адрэдагаваныя ім на той час руны «Калевалы», але сваёй працы не спыняў, у выніку чаго новае, поўнае, выданне эпасу з'явілася ў 1849 годзе і налічвала ні многа ні мала больш за 22 з паловай тысячы вершаваных радкоў! 3 той пары справай гонару кожнай еўрапейскай — і не толькі еўрапейскай — літаратуры стала засваенне багатага вобразнага свету «Калевалы» на ўласнай мове.

Якуб Лапатка з беларускай вёскі Аўцюкова, што на Расоншчыне, — сын франтавіка-чырвонаармейца, які загінуў на фронце яшчэ да ягонага нараджэння, — першы раз у жыцці трапіў у Карэлію трэцякласнікам. Цяжкае пасляваеннае жыццё змушала яго матулю, як і тысячы іншых беларусаў, выязджаць на заробкі ў Карэлію, пакідаючы дзіця на выхаванне бабулі і дзядулі. Прыехаўшы першы раз у карэльскую глыбінку, будучы беларускі перакладчык «Калевалы» першы раз там пачуў і карэльскую, блізкую да фінскай, мову. Пачуў — і зацікавіўся, захапіўся. Наперадзе ў Якуба Лапаткі было рознае.

Закончыўшы вясковую школу, ён паехаў вучыцца ў першае прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў горадзе нафтаперапрацоўшчыкаў Наваполацку, працаваў аператарам на Полацкім НПЗ (цяперашні «Нафтан»). Адслужыў у арміі, вярнуўся ва ўжо родны горад, потым паступіў у Мінскі інстытут замежных моў на факультэт іспанскай мовы. Зноў вярнуўся ў Наваполацк, каб працаваць настаўнікам у школе. Далучыўся да дзейнасці сёння ўжо легендарнага наваполацкага літаб'яднання «Крыніцы» на чале з Уладзімірам Арловым. Пачаў публікаваць у полацкіх і мінскіх выданнях свае пераклады з іспанскай, балгарскай, французскай, а ўрэшце і з фінскай ды карэльскай моў. Стаў адным з дэпутатаў дэмакратычна абранага наваполацкага гарсавета (менавіта ён у пасляпутчаўскім жніўні 1991 года папрасіў гаспадара самага вялікага кабінета ў горадзе — першага сакратара Наваполацкага гаркама КПБ — пакінуць гэты кабінет і ўласнаручна апячатаў яго дзверы)..

У 1993 годзе атрымаў запрашэнне ў творчую камандзіроўку ў Хельсінкі, а потым застаўся там жыць — з жонкай Марыяй і ўнучкай Дашай — і працаваць па кантракце ў Хельсінкскім універсітэце, у перакладчыцкіх фірмах. Калі ў Фінляндыю вымушана пераехаў жыць Васіль Быкаў, Якуб Лапатка дапамагаў і яму, асабліва ў справе кантактаў з чыноўнікамі і з фінскімі творцамі.

Яшчэ жывучы ў Наваполацку, Якуб Лапатка спрабаваў перакласці першыя руны «Калевалы», але, усвядоміўшы, што яшчэ не гатовы да гэтага, адклаў тую працу аж да пачатку 2000-х гадоў. Урэшце, выйшаўшы на пенсію, за два з паловай гады здзейсніў творчы подзвіг перакладу ўсяго тэксту! Пасля былі доўгія беспаспяховыя спробы знайсці выдаўца беларускай «Калевалы» на радзіме. Аж пакуль за справу не ўзяўся прыватны выдавец Зміцер Колас — даўні знаёмец Лапаткі і сам выбітны перакладчык. Урэшце, з дапамогай амбасады Рэспублікі Фінляндыя ў Беларусі былі знойдзены фундатары будучага выдання (а гэта і Фінска-беларуская гандлёвая палата, і фінска-беларускае прадпрыемства «Лідскае піва», і хельсінкскае «Таварыства «Калевалы», і яшчэ больш за дзясятак устаноў!), і ў коласаўскім выдавецтве з друку выйшаў прыгожа аформлены 625-старонкавы том, ілюстраваны рэпрадукцыямі класічных карцін знакамітага фінскага мастака Аксэлі Галена-Калелы.

Сёння па-добраму зайздросціш фінам, якія прасоўваюць на сусветным рынку не толькі прадукцыю фінскіх прамысловых і сельскагаспадарчых вытворцаў, але і неўміручую «Калевалу». Неяк мне цяжка ўявіць, каб беларускія амбасады ў іншых краінах пачалі па-сур'ёзнаму шукаць фундатараў для перакладу і выдання на іншых мовах, напрыклад, коласаўскіх «Новай зямлі» або «Сымона-музыкі». Скажам, капітальны пераклад на польскую мову той жа «Новай зямлі», даўно ўжо зроблены Чэславам Сэнюхам, так і не апублікаваны ні ў адным з польскіх выдавецтваў…

На просьбу выдаўца аўтару гэтых радкоў давялося выконваць функцыю рэдактара перакладу «Калевалы», здзейсненага Якубам Лапаткам. Натуральна, працуючы над гэтым тэкстам, я параўноўваў яго з перакладамі на іншыя мовы (нямецкую, польскую, украінскую, рускую). Большасць з нашых суайчыннікаў, хто чытаў «Калевалу», ведае яе па рускіх перакладах: класічным — Лявона Бельскага, зробленым яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя (зрэшты, не наўпрост з фінскай мовы), і нядаўнім новым — выкананым петразаводскім лінгвістам Эйна Кіуру і карэльскім паэтам Армасам (Алегам) Мішыным. Мушу сказаць, што Лапаткаў пераклад у параўнанні са згаданымі шмат у чым больш выйгрышны. Беларускі перакладчык, як мне здаецца, знайшоў найбольш адпаведны стылістычны ключ да ўзнаўлення фінскага тэксту, бо пераклад Бельскага ў гэтым сэнсе крыху «завышаны», а пераклад Кіуру і Мішына — наадварот, «заніжаны». Узгадаваны ў беларускай вёсцы Якуб Лапатка без цяжкасцяў знаходзіць адпаведнікі да традыцыйных вясковых рэалій, умела перадае прыхаваную іронію і гумар арыгінальнага тэксту…

Да сваёй працы беларускі перакладчык дадае ўласнае пасляслоўе пад назвай «Мая Калевала», у якім аддае належнае сваім літаратурным настаўнікам — найперш Васілю Сёмуху ды Рыгору Барадуліну — і цікава і дасціпна расказвае пра захапляльную гісторыю свайго шляху да «Калевалы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?