Беларусь нарошчвае супрацоўніцтва з Зімбабвэ ў многіх сектарах эканомікі, ад сельскай гаспадаркі да здабыўнай прамысловасці.

У сярэдзіне лістапада галоўная ўрадавая газета Зімбабвэ The Herald трыумфальна паведаміла, што кіраўнік гэтай краіны Роберт Мугабэ даў згоду на рэалізацыю шэрагу інвестыцыйных праектаў з Беларуссю пасля сустрэчы з Віктарам Шэйманам, кіраўніком справамі прэзідэнта Беларусі.

Аднак заняпад эканомікі Зімбабвэ і міжнародная ізаляцыя гэтай краіны, а таксама стракатая гісторыя двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ выклікаюць сур'ёзныя сумневы што да рэалістычнасці гэтых «мегаўгодаў».

Шэры кардынал Лукашэнкі заключае «мегаўгоды»

Віктар Шэйман прыбыў у Харарэ 15 лістапада ў якасці асабістага пасланніка прэзідэнта Беларусі. 18 лістапада ён сустрэўся з прэзідэнтам Зімбабвэ Робертам Мугабэ, які даў зялёнае святло супрацоўніцтву паміж дзвюма краінамі ў пытаннях пастаўкі тэхнікі для здабыўнай прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Мугабэ і Шэйман таксама абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, будаўніцтва дарог, дамоў і мастоў, а таксама навучання зімбабвійскіх студэнтаў у Беларусі. «Мы рухаемся да шырокамаштабнага двухбаковага супрацоўніцтва, і гэта выглядае вельмі аптымістычна», — сказаў Шэйман.

У Харарэ Віктар Шэйман таксама падпісаў пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па здабычы золата і іншых каштоўных мінералаў з міністрам горназдабыўной прамысловасці Зімбабвэ і кіраўніком Рэзервовага Банка.

Па словах міністра горназдабыўной прамысловасці, «гэтае пагадненне дасць нам доступ да абсталявання і тэхналогій з Беларусі, у прыватнасці гэта тычыцца здабычы на рэках». Варта адзначыць, што дагэтуль не мелася звестак пра будзь-які досвед Беларусі ў галіне здабычы рэсурсаў на рэках.

Ліслівыя ўрадавыя СМІ Зімбабвэ прадставілі гэтыя пагадненні з Беларуссю выключна ў тэрмінах «мегаўгодаў», якія, як мяркуецца, прынясуць Зімбабвэ росквіт. Мясцовыя чыноўнікі, такія як міністр фінансаў Патрык Чынамаса і жонка прэзідэнта Мугабэ Грэйс, хваліліся наконт паставак абсталявання з Беларусі на сустрэчах з прадпрымальнікамі і мясцовым насельніцтвам.

Дзіўна, але беларускія дзяржаўныя медыя, якія звычайна з празмерным захапленнем апавядаюць пра прарыўныя супольныя праекты Беларусі з замежнымі ўрадамі, захоўваюць поўнае маўчанне пра паездку Шэймана ў Зімбабвэ.

Еўрапейскі і афрыканскі «фарпосты тыраніі»

Беларусь і Зімбабвэ маюць многа падабенстваў ва ўнутранай палітыцы і міжнароднай рэпутацыі. Абедзве краіны маюць вельмі высокую інфляцыю і нязменных прэзідэнтаў, якія ўтрымліваюць уладу праз прыгнёт апазіцыі і фальсіфікацыю выбараў. Роберт Мугабэ кіруе краінай з 1987 года і цепер знаходзіцца на сваім шостым прэзідэнцкім тэрміне; Аляксандр Лукашэнка ва ўладзе з 1994 года і кіруе ўжо пяты тэрмін.

У студзені 2005 года, на слуханнях камітэта па замежных справах Сената ЗША, дзе разглядалася яе зацвярджэнне на пасадзе дзяржсакратара, Кандаліза Райс ахарактарызавала Беларусь і Зімбабвэ (разам з М'янмай, Кубай, Іранам і Паўночнай Карэяй) як «фарпосты тыраніі». Зімбабвэ заўсёды прыслужліва падтрымлівала Беларусь на міжнародным узроўні, калі тая была мішэнню крытычных дакладаў праваабарончых інстытуцый.

Абедзве краіны знаходзяцца ў цяперашні час пад візавымі і эканамічнымі санкцыямі ЗША і ЕС (хоць большасць санкцый супраць Беларусі ў апошні час была прыпынена). Аднак міжнародныя праваабарончыя арганізацыі крытыкуюць Зімбабвэ менш, чым Беларусь.

Доўгая гісторыя неспраўджаных чаканняў

Беларусь і Зімбабвэ наладзілі дыпламатычныя адносіны ў красавіку 1992 года. Пачынаючы з 2001 года абедзве краіны пачалі абмен візітамі ўрадавых дэлегацый, першапачаткова на ўзроўні міністраў. Віцэ-прэзідэнты Зімбабвэ Джон Нкома і Эмерсам Мнангагва наведвалі Мінск, адпаведна, у 2011 і 2015 гадах.

Усе гэтыя гады адносіны паміж краінамі развіваліся прадказальным чынам. Кожная дэлегацыя Зімбабвэ, наведаўшы тузін беларускіх вытворчых прадпрыемстваў, выказвала захапленне прамысловымі магчымасцямі і тэхналогіямі Беларусі і выказвала шмат энтузіязму наконт перспектыў двухбаковага гандлю. Беларускі лідар прымаў кожную дэлегацыю і мроіў пра буйныя кантракты і вялікую будучыню.

Тым не менш за гэты час добра прадстаўленыя ў медыя візіты мелі невялікі ўплыў на двухбаковы гандаль.

 

2010

2011

2012

2013

2014

Экспарт з Беларусі ў Зімбабвэ, млн дал. ЗША

0,1

0,1

0,8

0,4

12,4

Імпарт у Беларусь з Зімбабвэ, млн дал. ЗША

2,6

2,3

5,5

3,2

4,8

Адносны прарыў адбыўся ў 2014 годзе, калі БелАЗ, беларускі вытворца кар'ернай тэхнікі, паставіў 17 адзінак свайго абсталявання (самазвалы, пагрузчыкі і бульдозеры) для вугальнай шахты Hwange Colliery ў Зімбабвэ. Машыны былі пастаўленыя праз схему фінансавання з боку пастаўшчыка, гарантаваную рэгіянальным банкам PTA.

У лістападзе 2009 года Беларусь прадставіла для разгляду ўладам Зімбабвэ праекты пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый. На сённяшні дзень першай і адзінай паўнавартаснай юрыдычнай дамовай паміж дзвюма краінамі застаецца мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Зімбабвэ, падпісаны ў Мінску 22 ліпеня 2015 года.

Рызыкоўны бізнэс з партнёрам-банкрутам

Паездка Віктара Шэймана ў Харарэ адбылася неўзабаве пасля візіту віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы ў Мінск у ліпені 2015 года. Чыноўнік наведаў з дзясятак беларускіх вытворчасцяў і сустрэўся з шырокім колам асобаў, ад прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі да беларускага Дзеда Мароза.

Падчас таго візіта паведамлялася, што Беларусь і Зімбабвэ падпісалі мемарандум аб пастаўцы афрыканскай дзяржаве абсталявання для сельскай гаспадаркі, горназдабыўной прамысловасці, будаўніцтва плацінаў і дарог на суму 150 млн даляраў.

Аляксандр Лукашэнка, вітаючы свайго зімбабвійскага госця, прапанаваў стварыць цэнтр тэхнічнага абслугоўвання транспартных сродкаў у Зімбабвэ, які мог бы дапамагчы Беларусі ўвайсці на афрыканскі рынак. Лукашэнка бачыць Зімбабвэ ў якасці гандлёвага парталу ў Афрыцы для Беларусі.

Беларусь пагадзілася фінансаваць пастаўкі свайго абсталявання ў Зімбабвэ. Падпісваючы пагадненне з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, Эмерсан Мнангагва адзначыў, што фінансавыя ўстановы Зімбабвэ гарантуюць увесь аб'ём аплаты паставак.

Паводле ўзгодненых тэрмінаў, Зімбабвэ пачне атрымліваць машыны і абсталяванне ў першым квартале 2016 года. У прыватнасці МАЗ мае планы па пастаўках прынамсі 100 машын з правым рулявым кіраваннем у Зімбабвэ.

Тым не менш незалежныя сродкі масавай інфармацыі Зімбабвэ адзначылі, што папярэднія падобныя «мегаўгоды», у тым ліку тыя, якія Зімбабвэ падпісала з Расіяй і Кітаем, застаюцца толькі заявамі аб намерах. Зімбабвэ не ўдалося пагасіць крэдыты, дадзеныя Кітаем на агульную суму каля $1,5 млрд.

Тая ж доля можа чакаць угоды, падпісаныя сёлета паміж Мінскам і Харарэ. Беларусь пайшла на вельмі рызыкоўны бізнэс з роднасным рэжымам, сумна вядомым сваімі пастаяннымі фінансавымі і эканамічнымі няўдачамі.

Яшчэ адна праблема гэтых «мегаўгодаў» вынікае з тыпу асобаў, якія ўдзельнічаюць у іх распрацоўцы і ажыццяўленні. Эмерсон Мнангагва з'яўляецца самым багатым чалавекам Зімбабвэ, які неаднаразова абвінавачваўся ў карупцыі.

Віктар Шэйман звычайна дапамагае Лукашэнку ў падпісанні ўгодаў, калі патрабуецца крайняя канфідэнцыйнасць. Згаданыя фактары і адсутнасць празрыстасці ў фінансаванні гэтых праектаў ставяць пад сумнеў сапраўдную прыроду супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?