Пытанне аб падаткаабкладанні Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч павінна вырашацца ў агульным парадку, заявіў 10 снежня начальнік аддзела інфармацыйна-тлумачальнай працы — прэс-сакратар Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут. 

Паводле яго слоў, сума прэміі, атрыманай пісьменніцай, — «гэта ўзаемаадносіны Алексіевіч і падатковых органаў», і ў яе ёсць права, як і ва ўсіх грамадзян, да 1 сакавіка 2016 года падаць падатковую дэкларацыю, у якой указаць у тым ліку суму прэміі, і заплаціць падаходны падатак, стаўка якога складае 13%. 

Цяпер, удакладніў Шкут, ільгот, якія датычацца Нобелеўскай прэміі, у беларускім Падатковым кодэксе няма, ёсць толькі льготы ў дачыненні да дзяржаўных і прэзідэнцкіх прэмій. Існуе магчымасць устанаўлення індывідуальных падатковых ільгот указам прэзідэнта, але гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю МПЗ, падкрэсліў прэс-сакратар. 

Цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч адбудзецца ў Стакгольме сёння, пачатак — у 18.30 па мінскім часе. 

Фонд Нобеля быў створаны ў 1900 годзе як прыватная незалежная няўрадавая арганізацыя з пачатковым капіталам 31,6 млн шведскіх крон (у цяперашніх цэнах гэта сума эквівалентная прыкладна 1,65 млрд крон). Першыя прэміі складалі 150 тысяч крон. Цяпер прэмія складае 8 млн крон, ці 953 тысяч даляраў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?