14—15 снежня Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна наведае Расію з афіцыйным візітам.
Фота: Дзмітрый Азараў/Коммерсантъ
Як паведамляе прэс-служба Крамля, 15 снежня адбудуцца расійска-беларускія перамовы.
Як паведамляе афіцыйны сайт Крамля, «15 снежня чакаюцца перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па шырокім спектры актуальных пытанняў расейска-беларускіх адносін і міжнароднага парадку дня».
«Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць далейшаму паглыбленню эканамічнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы і мерам па нарошчванню гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы», — сказана ў паведамленні.
Нагадаем, афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расію планаваўся на 25-26 лістапада. У Маскве 26 лістапада павінна была адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у вузкім складзе, затым — перамовы ў пашыраным фармаце. Па выніках сустрэчы анансавалася падпісанне міжнародных дакументаў. Лукашэнка таксама планаваў сустрэцца з прэм'ер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянцінай Мацвіенка і старшынёй Дзярждумы Сяргеем Нарышкіным.
Аднак 24 лістапада было абвешчана, што візіт перанесены, як заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, «у сувязі з загружанасцю працоўных графікаў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі».
Лукашэнка меў намер па традыцыі здзейсніць свой першы візіт пасля перавыбрання кіраўніком дзяржавы ў Расію, аднак 8 снежня адправіўся з візітам у В'етнам, а 10 снежня — у Туркменістан, дзе знаходзіцца ў цяперашні час.