Прыезд рэктара БДЭУ, былога міністра эканомікі ў Вену суправаджаўся пратэстамі беларускіх студэнтаў, выгнаных за палітыку, якія цяпер навучаюцца ў Аўстрыі. І выклікаў нэрвовую рэакцыю сына Шымава, Яраслава, які працуе на расейскай службе радыё «Свабода».

З 27 да 29 сакавіка ў Вене праходзіла міжнародная канфэрэнцыя «Беларусь у Эўропе: Эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялёг». Сярод яе ўдзельнікаў – Ўладзімер Шымаў, рэктар БДЭУ, былы міністар эканомікі Беларусі. Менавіта на загад У. Шымава з “наргасу” ў 2005 годзе была выключана студэнтка-выдатніца Тацяна Хома. Дзяўчына цяпер працягвае вучобу акурат у сталіцы Аўстрыі.

З нагоды прыезду Шымава беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Аўстрыі, выступілі з адмысловай заявай. Сярод іншага там адзначаецца: «Удзельнічаючы ў канфэрэнцыі ў Вене, рэктар Шымаў атрымае магчымасьць наведаць адну з найпрыгажэйшых сталіцаў Эўропы, будзе жыць у добрым гатэлі, магчыма, атрымае ганарар за свой выступ, ці яго зводзяць у Опэру, ён можа наведаць свайго сына і ўнукаў, што жывуць у суседняй Празе. Любы чалавек мае права на гэтыя прыемныя рэчы. Але гэтак жа і адлічаныя ці запалоханыя ім студэнты маюць свае правы, якія рэктар Шымаў зьняважыў», – гаворыцца ў заяве.

Адрэагаваў на гэтыя падзеі ў сваім блогу і сын Уладзімера Шымава Яраслаў, які працуе на расейскай службе радыё «Свабода».

Шымаў-малодшы піша: «Я лічу, што прыстойны чалавек павінен у першую чаргу абараняць сваіх блізкіх і сяброў, а ўжо ў другую – разважаць пра Радзіму, перакананьні, палітыку і пра іншыя высокія і абстрактныя матэрыі. Я ня ведаю ніводнага зьдзейсьненага У.М. Шымавым учынку, адносна якога я адчуваў бы нейкія маральныя сумневы, – за адзіным выключэньнем: адлічэньне з БДЭУ студэнткі Тацяны Хомы. Праўда, сытуацыя і з Хомай была не на столькі адназначнай, які гэта апісвалі і апісваецца ў апазыцыйных СМІ. Адзначу, што фармальная аснова для адлічэньня была». Што праўда, гэтую прычыну сын рэктара «наргасу» не называе.

Яраслаў Шымаў кажа, што ягоны бацька ня мае ніякага дачыненьня да допытаў супрацоўнікамі КДБ студэнтаў БДЭУ. «Дарагія суайчыньнікі, хіба вы ня ў курсе, што ў Беларусі КДБ перад тым, як кантактаваць зь некім, ня мае звычкі кансультавацца з начальнікам той пэрсоны, да якой у азначанага ведамства зьявіўся інтарэс?»

Супрацоўнік расейскай «Свабоды» перакананы, што рэктар БДЭУ не адлічыў ніводнага студэнта за палітычныя погляды падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і падзеяў на Плошчы. Сайт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” дае іншую лічбу – 10 чалавек.

«Так, мой бацька, як і тысячы беларускія дзяржаўных службоўцаў, гуляе па правілах гэтай сыстэмы, якая створаная ў нашай краіне, Беларусі, у апошнія 14 гадоў», – лічыць Я. Шымаў. Ён высока ацэньвае даробак свайго бацькі: «Слишком же рьяным оппозиционерам хочу сказать одно: ну вот представьте себе, что чаемый вами день смены власти настал, Беларусью правят иные люди. Что они унаследуют? Выжженную землю? Ничуть. Они будут иметь дело со страной далеко не беспроблемной, однако ж выглядящей, особенно по постсоветским меркам, вполне пристойно. ... И это — в том числе плод трудов белорусских технократов, к которым, между прочим, относится и «сатрап режима» В.Н. Шимов. Но чтобы видеть это, нужно смотреть на вещи несколько шире, чем привыкли многие наши оппозиционеры».

Шымаў таксама выступіў з крытыкай «радыкальна-нацыяналістычнай» і «лібэральна-эканамічнай» апазыцыі, бо яму «няма ахвоты ісьці пад сьцягамі Пазьняка і Раманчука» г.зн., у тлумачэньні Шымава, ані будаваць «Беларусь без маскалёў ды рускамоўных, ни либеральные джунгли для «сильных и уверенных в себе» дядюшек Скруджей». «Скажам, я, пры сваіх дастаткова крытычных поглядах на беларускую рэчаіснасьць не магу і не хачу лічыць сябе апазыцыянэрам у тым разуменьні, якое дамінуе ў Беларусі – проста таму, што мне здаюцца вельмі сумнеўнымі многія мантры апазыцыйнай тусоўкі», – падсумоўвае ён. На думку, Шымава, апазыция на ажыцьцяўленьне эвалюцыйных пераменаў ня здольная — «як у сілу сваёй невялікай папулярнасьці ў грамадзтве, так і таму, што і старэйшае яе пакаленьне, і частка маладога ў многім жыве ў той Беларусі, якой няма — у «нябёснай Беларусі» сваіх мрояў.

Аўстрыйскія студэнты сёньня сустрэлі Шымава акцыямі пратэсту і дасягнулі таго, што рэктар выступаў на канфэрэнцыі пад плякатам пратэсту. Пазыцыя ў рэктара БДЭУ за два гады не зьмянілася. Падчас выступу ён настойваў, што адлічэньне было законным, згодна з правіламі ўнутранага распарадку, паведамляе generation.by.

Дарэчы, у венскай канфэрэнцыі сярод іншых браў удзел кіраўнік цэнтру «Экаом», які распаўсюджваў вынікі «экзыт-полаў» у дзень галасаваньня на апошніх выбарах, паводле якіх А. Лукашэнка перамагаў, набіраючы 83 % галасоў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?