Партыя БНФ на гэты момант вырашыла ўстрымацца ад уваходжання ў кааліцыі. Адпаведнае рашэнне прынятае соймам арганізацыі 12 снежня ў Мінску.

Да пытання пра магчымае ўваходжанне ў кааліцыю правацэнтрысцкіх сіл, куды ўвайшлі б таксама рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні БХД, Партыя БНФ плануе вярнуцца, калі «яно наспее».

Сойм таксама прыняў рашэнне фарміраваць свой спіс кандыдатаў на парламенцкія выбары 2016 года і ісці на іх са сваім пасланнем. На гэты момант увайсці ў спіс кандыдатаў згадзіліся 30 партыйных актывістаў. 

 

Нагадаем, прадстаўнікі чатырох апазіцыйных структур — руху «За Свабоду», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Партыі БНФ — падчас свайго візіту ў Брусель 15—19 лістапада падпісалі дэкларацыю аб каардынацыі дзеянняў. Дакумент таксама падпісаў Жазэф Доль, прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі, паводле запрашэння якой праходзіў візіт. Дэкларацыя прадугледжвае складанне спіса кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 2016 года і вылучэнне адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. 

9—11 снежня адбыўся яшчэ адзін візіт у Брусель прадстаўнікоў трох з чатырох арганізацый. Адмову ад удзелу ў візіце прадстаўніка Партыі БНФ яе старшыня Аляксей Янукевіч растлумачыў рашэннем пашыранага пасяджэння палітычнай камісіі партыі з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных структур, якое адбылося 8 снежня. «Мы абмеркавалі пытанне стварэння кааліцыі чатырох арганізацый. Было прынятае рашэнне рэкамендаваць сойму, пасяджэнне якога адбудзецца 12 снежня, не ўваходзіць у гэтую і любыя іншыя кааліцыі або спісы кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 2016 года. Таксама ёсць рэкамендацыя палітычнай камісіі, каб на выбарах-2016 Партыя БНФ удзельнічала са сваім спісам кандыдатаў і пасланнем, каб распаўсюджваць у грамадстве нашы ідэі і каштоўнасці», — заявіў ён раней БелаПАН.

Сёння на сойме Янукевіч адзначыў, што калі зараз партыя ўвойдзе ў кааліцыю і стане фарміраваць сумесны спіс, то будзе мець «двух не надта надзейных партнёраў — БХД і АГП».

Удзельнічаючы ж у выбарах самастойна, партыі не трэба ўзгадняць пазіцыі з іншымі структурамі. «Мы зможам самі прасоўваць свае пазіцыі. Але ёсць і рызыка: калі не здолеем вылучыць моцных кандыдатаў і правесці моцную кампанію, то дадзім усім нашым непрыяцелям падставу для крытыкі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?