Рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) заявілі аб стварэнні пляцоўкі для сумеснай працы.

«На сёння мы можам гаварыць аб стварэнні як мінімум пляцоўкі для сумеснай працы», — сказаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька 13 снежня ў Мінску на сумеснай прэс-канферэнцыі з першым намеснікам старшыні руху «За Свабоду» Юрыем Губарэвічам і сустаршынёй аргкамітэта БХД Віталём Рымашэўскім.

«Мы маглі б гаварыць і аб кааліцыі, але ведаем, наколькі гэтае паняцце ў апошні час дэвальвавалася, — дадаў Лябедзька. — Таму не будзем спяшацца, хаця вы можаце называць нас як заўгодна. Справа цяпер не ў назве, а ў тым, што мы будзем рабіць сёння, заўтра і паслязаўтра. Таму гэта — пляцоўка для сумеснай працы, якая можа выйсці на стварэнне сур'ёзнай кааліцыі, якая сваімі справамі дакажа, што яна кааліцыя».

Рымашэўскі са свайго боку адзначыў, што на сёння ў прадстаўнікоў названых структур ёсць канкрэтныя дамоўленасці аб стратэгічным супрацоўніцтве на найбліжэйшыя палітычныя кампаніі, а таксама дамоўленасці, якія тычацца сумеснай пазіцыі па міжнародных пытаннях і сумеснага назірання за парламенцкімі выбарамі. Рымашэўскі таксама выказаў меркаванне, што такое аб'яднанне нявыгаднае беларускім уладам.

У сярэдзіне лістапада ў Бруселі аргкамітэт БХД, рух «За Свабоду», АГП і Партыя БНФ падпісалі дэкларацыю аб каардынацыі дзеянняў, якая прадугледжвае ў тым ліку фарміраванне адзінага спіса кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2016 года. Аднак потым Партыя БНФ адмовілася ад удзелу ў кааліцыі і заявіла аб намеры ісці на выбары сваім спісам кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?