На беларускамоўных курсах «Мова нанова» кампанія Hvilina прадставіла беларускі гадзіннік, выкананы ў стылістыцы гурта Brutto.

Уладальнік кампаніі Андрэй Гараўскі распавёў падрабязней пра стылёвы гадзіннік. 

«Увесь наш калектыў з'яўляецца прыхільнікамі гурта Brutto, як і раней мы захапляліся Ляпісам Трубяцкім. Мы сочым за творчасцю нашых суайчыннікаў, заўсёды бываем на іх канцэртах. У знак падзякі мы вырашылі зрабіць гадзіннік з выявай гурта».

«Мы звязаліся з гуртом і вынікам нашай сумеснай працы стаў такі прыгожы гадзіннік. У стварэнні ўдзельнічалі як мы, так і сам гурт. Такім чынам, можна падкрэсліць сваё паважлівае стаўленне да творчасці Brutto».

«Ён цалкам з нержавеючай сталі, таму ён даволі цяжкі, але прыемны навобмацак. Мае сапраўдны кварцавы японскі механізм, вільгацеўстойлівы, вытрымлівае 5 атмасфер і таму можна не баяцца за яго, калі выпадкова патрапіць ў ваду. Гэта вельмі якасны гадзіннік і мы ім ганарымся».

Усяго будзе каля 300 штук, а кошт будзе складаць 2,5 мільёны беларускіх рублёў.

На прэзентацыі быў адзін з удзельнікаў Brutto, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу - Віталь Гуркоў.

Сам Віталь, як і астатнія ўдзельнікі гурта, з гонарам носіць новы гадзіннік. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?