17:12

Варта адзначыць, што Алексіевіч не прыехаў сустракаць ніхто з прадстаўнікоў Міністэрства культуры.

17:02

Алексіевіч сустрэла пляменніца. Ёй усё яшчэ перадаюць кветкі ўдзячныя чытачы. Пісьменніца выглядае вельмі радая, што яе так сустракалі.

16:58

Сяргей Гудзілін пачынае дасылаць здымкі з сустрэчы Алексіевіч.

16:54

Першае відэа карэспандэнтаў «НН» з аэрапорта.

16:53

Людзі ўзялі Алексіевіч у шчыльнае кола. Падаравалі ёй каравай. Сярод прысутных бачым экс-кандыдатаў у прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча і Таццяну Караткевіч з кветкамі. Тут жа прысутныя будаўнік, былы кіраўнік Маладога фронту Зміцер Хведарук, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ёсць паэт Дзмітрый Строцаў.

16:44

Алексіевіч сустрэлі апладысментамі і крыкамі «Святлана», а таксама «Дзякуй» і «Віншуем» (усё па-беларуску). Алексіевіч прызналася, што для яе такая сустрэча была нечаканай. «Я вас усіх вельмі люблю», — сказала пісьменніца.

16:37

Юлія Чарняўская папярэджвае тых, хто сустракае, каб яны не абдымалі і цалавалі Алексіевіч, бо яна захварэла ў Стакгольме.

16:35

Прыехаў заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер разам з жонкай, культуролагам Юліяй Чарняўскай.

Людзі вырашаюць, што скандаваць: ці проста «Святлана», ці «дзякуй».

16:33

Дзяржаўных тэлеканалаў на сустрэчы Алексіевіч няма.

16:30

У аэрапорце прысутнічае лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, а таксама старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

16:26

У аэрапорце транспарант «Беларусы ганарацца вамі, Святлана». Таксама шмат у каго кнігі Алексіевіч у руках.

16:23

Абвесцілі, што самалёт з Стакгольма пайшоў на пасадку. Людзі чакаюць на выхадзе. Многія трымаюць кветкі. Некаторыя прыйшлі нават з малымі дзецьмі.

16:18

Як перадае з аэрапорта «Мінск» карэспандэнт «НН» Арцём Гарбацэвіч, сустрэць пісьменніцу сабралася паўсотні чалавек.

Студэнтка медуніверсітэта сказала «НН», што Алексіевіч вартая была высокай сустрэчы на дзяржаўным узроўні, хаця б так, як сустракаюць алімпійскіх чэмпіёнаў.

Сталы чалавек сказаў, што пражыў немалое жыццё, але ніколі не адчуваў такога гонару за краіну як пры ўзнагародзе Алексіевіч.

Сёння ў Мінск з трыумфам вяртаецца нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Яна вернецца самалётам са Стакгольма, што прызямліцца ў мінскім аэрапорце ў 16:35 (рэйс B2_856, меркавана сектар 3-4).

Раней у сацыяльных сетках узнік нават спецыяльны рух, каб годна сустрэць у аэрапорце нобелеўскую лаўрэатку. Праўда, яе сяброўка Юлія Чарняўскаяпапярэджвае ў сваім фэйсбуку: 

«Дарагія сябры, якія збіраюцца сустракаць Святлану Алексіевіч у аэрапорце. Велізарная просьба. Яна будзе вельмі рада сустрэчы і вельмі кранутая вашай ініцыятывай. Але ў Швецыі (там холадна і вецер) яна прыхварэла, моцна прастудзіла шчаку, і цяпер шчака баліць. Таму Святлана просіць не кідацца яе абдымаць і цалаваць з усім запалам любові і падзякі, і трымаць мікрафоны далей ад яе твару (не сакрэт, што многія іх проста соваюць ў рот інтэрв'юяванаму). Яна будзе вельмі ўдзячная за разуменне».